Ў параўнанні з памерамі цела тукан мае самую вялікую дзюбу сярод усіх сучасных птушак – яна роўная трэцяй частцы яго цела. На працягу стагоддзяў навукоўцы задумваліся над пытаннем: навошта туканам такая вялізная дзюба. Цяпер, здаецца, адказ на гэтае пытанне знойдзены.
Ў артыкуле, апублікаваным у часопісе Science, даследчыкі пішуць, што дзюба такіх памераў дапамагае туканам падтрымліваць пастаянную тэмпературу цела.
Каб даказаць гэтую гіпотэзу, яны выкарысталі для здымкаў камеры з інфрачырвонымі датчыкамі, дзякуючы якім атрымалася зарэгістраваць пераход цяпла з цела птушкі ў яе дзюбу.
Аднак не трэба думаць, што гіпотэза пра сувязь дзюбы з тэрмарэгуляцыяй птушкі з’явілася першай. Чарльз Дарвін тлумачыў памеры і яркасць дзюбы неабходнасцю прыцягваць да яе ўладальнікаў птушак-партнёраў, больш сучасныя ідэі выказваліся пра адаптацыю да харчавання вялікімі пладамі, драпежніцтвам на гнёздах іншых птушак і нават візуальнымі перасцярогамі.
Сваю кропку над “і” вырашылі паставіць даследчыкі з універсітэту Брока (Brock University, Канада) і бразільскага ўніверсітэту Universidade Estadual Paulista, прыглядаючыся тукану токо (Ramphastos toco), які мае найвялікшую дзюбу сярод туканаў.
Д-р Гленн Тэйттэрсэлл (Dr Glenn Tattersall) з універсітэту Брока распавёў: "Мы выкарысталі тэхналогіі па стварэнню інфрачырвоных тэмпературных здымкаў паверхні дзюбы, якая змяшчалася ў паветра з рознай тэмпературай: ад 10 да 35 градусаў С. Гэта дазволіла нам атрымаць карціну дакладнай тэмпературы розных участкаў дзюбы."
Атрымалася, што калі тэмпература наваколля павялічвалася, дзюба тукана таксама хутка павялічвала тэмпературу – дакладна і эфектыўна адводзячы яе ад цела, якое заставалася не перагрэтым.
І наадварот – калі тэмпература наваколля падала, паверхня дзюбы таксама рабілася больш халоднай каб затрымаць цяпло у целе птушкі. Эфект тэрмарэгуляцыі з дапамогай дзюбы быў вельмі наглядным уначы: пад час захаду сонца птушкі хутка павялічвалі тэмпературу дзюбы, каб панізіць тэмпературу цела перад сном. Сістэма працуе дзякуючы шматлікім крывяносным сасудам, якія знаходзяцца ў дзюбе туканаў. Птушкі могуць вельмі эфектыўна рэгуляваць ступень прыліву-адліву крыві ў дзюбе, а яе вялікая паверхня стварае ідэальны радыятар.
Туканы не з’яўляюцца ўнікальнымі істотамі, якія выкарыстоўваюць часткі цела для падтрымання неабходнай тэмпературы цела. Напрыклад, сланы ці зайцы робяць гэта з дапамогай сваіх вушэй. Аднак у параўнанні з памерамі цела туканы маюць самыя вялікія “радыятары” сярод усіх жывёл. Адпаведна і эфектыўнасць такіх спецыялізаваных органаў цеплаабмену вельмі высокая: дзюба можа змяняць праз сваю паверхню цепластраты птушкі ад 5 да 100%!
Цікава, што даследчыкі “не адмаўляюць” дзюбам туканаў у выкананні таксама іншых прапанаваных раней функцый. Але іх наступныя даследаванні будуць звязаны з праверкай цеплаабменных здольнасцяў дзюбаў іншых відаў птушак.
Паводле www.news.bbc.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.BirdWatch.by
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Comments
АV (госць) - 02.08.2009 - 22:19
тянет просто на открытие!