Новы від птушак з Калумбіі – як гэта было

Новы від крапіўніка быў апісаны ў паўночна-заходняй частцы Калумбіі негледзячы на тое, што мясцовасць гэтая вельмі папулярная пад час правядзення бёдуотчарскіх тураў.

Птушка, якая атрымала назву анціоквінскага крапіўніка Thryophilus sernai, была адзначана некалькімі групамі бёдуотчараў у мясцовасці Bolombolo, аднак прымалася за руда-белага крапіўніка (Rufous-and-white Wren) T rufalbus, хаця арэал апошняга не сягае сюды. Цікава, што тэрыторыя папулярная сярод бёдуотчараў таму, што тут можна ўбачыць некалькі мясцовых эндэмікаў.


Новаапісаны від ізаляваны ад іншых крапіўнікаў каньёнам ракі Cauca, якая цячэ праз Анды, а таксама высокагорным дажджавым лесам. Анціоквінскі крапіўнік жыве, галоўным чынам, уздоўж ручаін у пазасталых кавалках сухога шырокалісцевага лесу і хмызняку на вышыні паміж 250 і 850 м над узроўнем мора. Хаця від там можна лічыць “звычайным”, аднак яго і так абмежаваныя месцапражыванні змяншаюцца, да таго ж частку ракі плануецца загарадзіць дамбай, таму ўжо цяпер новаапісанага крапіўніка можна запісваць у групу птушак, якім пагражае знікненне. Аўтары апісання віду ўжо прапанавалі тэрміновыя меры па яго ахове.


Галоўны аўтар апісання – Карлос Эстэбан Лара (Carlos Esteban Lara) фактычна адкрыў новы від больш за два гады таму, 26 лютага 2010 году, калі адзначыў невядомага крапіўніка ў пойме ракі. Яго падазрэнні ўмацаваліся, калі ён з асістэнтамі правёў дадатковыя назіранні ў полі.


Былі здабытыя тры асобіны, ўключна з дарослым самцом, які паслужыў паратыпам для морфаметрыі. Былі вызначаныя паслядоўнасці мітахандрыяльнага гена цытахрому b, абразцы геному трапілі ў Genbank, голас запісаны дзякуючы дапамозе Banco de Sonidos Animales, Instituto Alexander von Humboldt, Boyacá, (Калумбія). Аказалася, што новы від добра адрозніваецца ад блізкіх відаў крапіўнікаў па голасу і афарбоўцы апярэння. Яшчэ адзін дарослы самец і самка былі здабытыя і закалекцыянаваныя як паратыпы.


Філагенетычны аналіз паказаў, што птушкі былі ізаляваныя ад блізкіх відаў на працягу каля 2 мільёнаў гадоў, таму новаапісаны від адпавядае і філагенетычнай канцэпцыі віду. Бліжэйшымі крэўнымі анціоквінскага крапіўніка можна лічыць крапіўніка Ніцыфора (Niceforo's Wren Thryophilus nicefori), які насяляе параўнальна блізкі ланцуг гэтых жа гор, а таксама больш шырока распаўсюджанага руда-белага крапіўніка.


Крыніца:
Lara, C E, Cuervo, A M, Valderrama, S V, Caldéron-Franco, D and Cadena, C D. 2012. A new species of wren (Troglodytidae: Thryophilus) from the dry Cauca River Canyon, Northwestern Colombia. The Auk in press.


Паводле www.birdwatch.co.uk  падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
На здымку Carlos’а Esteban Lara – каньён ракі Cauca.

Comments