Гарадзкі шум змяншае выжывальнасць птушанят вераб’ёў

Шум у гарадзкіх умовах павялічвае узровень смяротнасці птушанят дамовага вераб’я Passer domesticus – пра гэта кажа новае даследаванне. Знойдзеная навукоўцамі прычына гэтага даволі простая – дарослыя птушкі-бацькі з-за шуму не чуюць галодныя крыкі-сігналы сваіх птушанят.

Вынікі працы, апублікаванай у часопісе Plos One, кажуць пра тое, што птушкі, якія гнездавалі ў шумных месцах, былі менш эфектыўныя ў выкармліванні сваіх птушанят у параўнанні з больш ціхімі месцамі гнездавання.

 
Навукоўцы з універсітэту Sheffield (Вялікабрытанія) прыйшлі да гэтых высноваў дзякуючы даследаванням на востраве Lundy. Яго плошча 445 га і ён знаходзіцца ў 19 км ад узбярэжжа Паўночнага Дэвана.


Адна з аўтарак працы, Джулія Шродэр (Julia Schroeder) растлумачыла, што гэты праект амаль выпадкова даў цікавыя вынікі: "Калі я ўпершыню наведалася на востраў, мяне ўразіла тамтэйшая цішыня, бо ён быў здаля ад крыкаў чаек і іншых марскіх птушак.  І вось я зайшла ў адрыну мясцовага фермера, дзе вельмі гучна працаваў электрычны генератар, а ў адрыне гнездавалі дамовыя вераб’і.” Джулія вырашыла праверыць – ці ўздзейнічаюць гэтыя ўмовы на птушак і як?


Атрымалася, што з гнездавых скрыняў і гнёздаў, размешчаных у шумных месцах, вылятала менш птушанят. Да таго ж яны мелі горшую фізічную кандыцыю.


Тады Джулія вырашыла знайсці прычыну гэтага. Першай гіпотэзай стала магчымасць горшага выбару партнёраў у шумных месцах. Аднак рэчаіснасць паказала, што гэта не так.


"У нашым выпадку мы адзначылі, што птушкі не так добра кормяць сваіх птушанят у параўнанні з гнёздамі ў ціхіх месцах. Гэтага ніхто да нас не паказваў. Зразумела, што частата харчавання наўппрост уздзейнічае на выжывальнасць птушанят.”


Шум парушае камунікацыю паміж маладымі і дарослымі птушкамі. Адзінае адрозненне ў паводзінах, якое даследчыкі змаглі адзначыць на “шумных” гнёздах – гэта розная частата кармлення маладых. Птушаняты з такіх гнёздаў выляталі з меншай вагой.


Паміж сярэдзінай 1970-х і 2008 годам папуляцыя дамовага вераб’я ў Вялікабрытаніі зменшылася на 71%, пры чым найбольш у мястэчках і гарадах Англіі. Цяпер агульная колькасць віду ў Злучаным каралеўстве аценьваецца ў 3,7 мільёны пар.


Ёсць некалькі прац па ўздзеянню шума на вялікіх сініц, але яны былі сфакусаваныя на выбары партнёра, што шум перашкаджаў рабіць адпаведным чынам. Таму ідэя, што камунікацыя паміж дарослымі птушкамі і птушанятамі можа цярпець у гарадах з-за шуму – нечаканая і свежая.


У 2007 годзе іншая каманда даследчыкаў з гэтага ж універсітэту знайшла, што гарадзкія малінаўкі змянілі час для спеваў і іншай унутрывідавой камунікацыі на начны, каб пазбегнуць дзённага шуму. Менавіта гэтая праца паслужыла паваротным пунктам у поглядах на начныя спевы відаў са звычайна дзённай актыўнасцю – раней думалі, што птушкі ў гарадах спяваюць уначы, бо на іх такім чынам уздзейнічае гарадзкое асвятленне.


Іншыя вераб’іныя птушкі, якія камунікуюць з птушанятамі падобным чынам, як гэта робяць дамовыя вераб’і, могуць мець падобныя праблемы з гарадзкім шумам.


Паводле www.news.bbc.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
Здымак самца дамовага вераб’я Мікалая Вераб’я

Comments

Цікава. Са сваіх назіранняў заўважыў, што звычайна самка, назбіраўшы ежы, быццам пытаецца у птушанят: "Несці?". Яны звычайна адразу гучна адказваюць і самка падлятае. Але я чую самку толькі з 10 м. А птушаняты і з 20, напэўна і далей. Шумавое забруджванне даволі небяспечная з'ява ( 

Гэта толькі па дамоваму. Здымаў падлёт дарослых да гнязда пад дахам, птушаняты сігналізавалі аб падлёце загадзя, чым вельмі дапамагалі.