Арахнаапакаліпсіс: без птушак павукі на Гуаме правяць баль

Востраў Гуам (ціхаакіянская тэрыторыя ЗША) перапоўнены павукамі. Новае даследаванне, апублікаванае ў часопісе PLOS ONE паказала, што ў сезон дажджоў агульная колькасць арахнід на гэтым востраве ў 40 разоў большая за колькасць павукоў на кожным з суседніх астравоў. Навукоўцы звязваюць гэта са знікненнем на востраве лясных насякомаядных птушак.

Гуамскія лясы некалі былі багатымі на птушак, аднак выпадкова завезеныя на востраў карычневыя дравесныя змеі (Boiga irregularis) яшчэ ў 1940-я гады моцна прарэдзілі мясцовыя птушыныя супольнасці. Цяпер востраў багаты змеямі і … павукамі.

"Немагчыма шпацыраваць праз гуамскія джунглі без дубца, якім пастаянна трэба зрываць павучыныя сеці перад сабой.” – сказала адна з аўтарак даследавання Хэйлдр Роджэрс (Haldre Rogers), аспірантка ўніверсітэту Rice.

Роджэрс з калегамі лічыла павуцінні каб ацаніць колькасць павукоў на востраве. У дажджлівы сезон атрымалася 18,37 павуціння ў сярэднім на 10 м маршруту, у сухі сезон – 26,19 сяцей адпаведна на тую ж адлегласць маршруту. З-за таго, што адсутнічаюць гістарычныя дадзеныя да знікнення птушак для параўнання з атрыманымі даследчыкамі, яны зрабілі падобныя ўлікі павуціння на падобных да Гуама невялікіх суседніх астраўках, дзе супольнасці насякомаедных птушак не былі знішчаныя: Rota, Tinian, and Saipan. У сухі сезон колькасць павукоў была больш чым у два разы большай на Гуаме, але ў сезон дажджоў іх станавілася ў сярэднім у 40 разоў больш, чым на суседніх астравах! 

Такім чынам залежнасць колькасці птушак і павукоў была прадэманстраваная – без насякомаядных птушак іх нішу часткова могуць заняць павукі.

Карычневыя дравесныя змеі – жывёлы з пераважна начной актыўнасцю, радзіма якіх Аўстралія і Папуа-Новая Гвінея, аказаліся сапраўднай экалагічнай катастрофай для Гуама. У апошні час лічыцца, што яны нават зменшылі сваю колькасць на востраве, таму што ўсе магмыя нішы імі ўжо занятыя. Аднак гэтая навіна не можа ўзрадаваць дзевяць відаў птушак, якія да гэтага часу зніклі на Гуаме. Сярод іх пяць відаў і падвідаў былі мясцовымі эндэмікамі.

Найбольш знакамітая ахвяра змяі-інтрадуцэнта – гуамская валасяніца (Myiagra freycineti), якую бачылі апошні раз у 1983 годзе.

У 2010 годзе Дэпартамент сельскай гаспадаркі ЗША ўжо патраціў больш за мільён даляраў, раскідваючы на востраве з самалёту замарожаных мышэй, атручаных ацетамінафенам каб абмежаваць папуляцыю змей і не дапусціць іх пранікнення на суседнія астравы.

Цяпер Гуам – штучна створаная прыродная лабараторыя зусім без насякомаедных птушак. Даследчыкі лічаць, што павукі змаглі так павялічыць сваю колькасць на востраве дзякуючы розным фактарам, звязаным з адсутнасцю птушак. Па-першае, птушкі больш не палююць на павукоў. Па другое, павукі пазбыліся канкурэнтаў у паляванні на насякомых. Да таго ж без палюючых на іх птушак насякомых таксама стала больш. Акрамя гэтага, павукі не мусяць траціць энергію на рэмонтпавуціння, пашкоджаны птушкамі.

Іншыя эфекты знікнення насякомаедных птушак на востраве будуць вывучацца ў бліжэйшым будучым.

Крыніца:

Rogers H, Hille Ris Lambers J, Miller R, Tewksbury JJ (2012) ‘Natural experiment’ Demonstrates Top-Down Control of Spiders by Birds on a Landscape Level. PLoS ONE 7(9): e43446. doi:10.1371/journal.pone.0043446 

Паводле www.news.mongabay.com (тэкст і здымкі) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by 

 

Comments

Цікава, што якраз пару тыдняў назад я прагледзеў цыкл фільмаў "Жыццё птушак", дзе вядучым з'яўляецца Дэвід Эттэнборо. Там якраз апошні фільм пра тое, што нарабіў чалавек памысна і не, ў тым ліку і пра Гуам з яго эндэмікамі. Калі хто не глядзеў - у сваю чаргу раю да прагляду ўсім зацікаўленым.