Незвычайнае адкрыццё: птушаняты вучаць пароль, каб іх кармілі бацькі

 

Самкі распісных малюраў (Malurus cyaneus) перадаюць адмысловы “пароль” сваім птушанятам, якія выкарыстоўваюць яго, каб атрымаць ежу ад бацькоў і не дапусціць да яе зязюльчынятаў.

Распісныя малюры – невялікія вераб’іныя птушкі, з’яўляюцца аўстралійскімі эндэмікамі і жывуць на паўднёвым усходзе гэтага кантыненту. Від часта выкарыстоўваецца ў якасці прыёмных бацькоў бронзавай зязюляй Горсфілда Horsfield's Bronze Cuckoo (Chalcites basalis). Гэта невялікі від зязюляў, які шырока распаўсюджаны ў Аўстраліі і адзін з самых звычайных з некалькіх, які падкідвае свае яйкі малюрам.

Нядаўна даследчыкі выпадкова ўбачылі, што самка малюра спявае сваім яйкам (ці, больш дакладна, птушанятам, якія яшчэ знаходзяцца ў яйках). Аказалася, што яна вучыць іх спецыяльнаму голасу, які мае спецыфічны кавалак. Птушаняты запамінаюць і выконваюць яго каб выпрошваць у бацькоў ежу пасля вылуплення. Гэты выпрошваючы голас быў знойдзены амаль ідэнтычным голасу маці і таму дазваляе і самцу, і самцы малюра выкрываць у сваім гняздзе зязюльчынё, якое просіць ежу няправільна!

Каб праверыць, ці гэты голас птушаняты вучаць у яйку, ці ён абумоўлены генетычна, навукоўцы падмянілі 22 яйкі на розных гнёздах. Калі з іх вылупіліся птушаняты, іх голас быў падобны на голас прыёмнай маці, а не біялагічнай.

Навукоўцы таксама правялі доследы з гуказапісамі, якія паказалі, што птушкі-бацькі найлепш адказваюць на галодныя галасы сваіх птушанятаў, горш – на галасы птушанят іншых малюраў і найбольш рэдка на галасы галодных зязюльчынят.

Атрымліваецца, што адмысловы гукавы “пароль” выпрацаваўся ў малюраў, каб зменшыць поспех гнездавога паразытызму зязюляў. А гэта, ў сваю чаргу, даваляе патэнцыйным прыёмным бацькам эканоміць час і энергію на выгадоўванні зязюльчанятаў, бо тыя не могуць вывучыць патрэбныя для прызнання “за сваіх” гукі.

Калі ў гняздзе малюраў апынецца хаця б адно птушаня, якое не паўтарае “пароль”, яны не кормяць ніводнае і кідаюць гняздо з вывадкам каб распачаць новую кладку.

Высокая індывідуальная зменлівасць патрэбнага да распазнання голасу амаль выключае магчымасць для птушанят зязюляў навучыцца імітаваць яго. Аднак насамрэч прыёмныя бацькі выкрывалі падкідышаў у прыкладна 40% выпадкаў, бо галодныя зязюльчыняты спрабуюць крычаць рознымі галасамі.

Дадатковы фактар, які працуе на карысць малюраў – тэрміны інкубацыі яек патэнцыйных птушак-гаспадароў і гнездавых паразітаў розныя, таму зязюльчынё мае невялікія шанцы навучыцца “паролю” ў яйку, бо мае на гэта параўнальна абмежаваны час – толькі 2 дні замест 5 ў эмбрыёнаў малюраў. Бо навучанне пачынаецца праз 10 дзён пасля адкладкі яек, а птушаняты зязюляў вылупляюцца раней..

Нечаканыя вынікі ўпершыню даказалі магчымасць дарослых птушак перадаваць важную негенетычную інфармацыю на стадыі, калі птушаняты знаходзяцца яшчэ ў яйку.

Крыніца:

D. Colombelli-Négrel, M. E. Hauber, J. Robertson, F. J. Sulloway, H. Hoi, M. Griggio, S. Kleindorfer. Embryonic Learning of Vocal Passwords in Superb Fairy-Wrens Reveals Intruder Cuckoo Nestlings. Current Biology, Vol 22, Issue 22, 2155-2160, 08 November 2012

  Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

 Здымак самца з  www.biodiversitysnapshots.net.au

 

 

НА ГЭТУЮ ТЭМУ:

 Зязюля інкубуе свае яйкі ўнутры цела

 Дзе зімуюць зязюлі?

  

Comments

Дзякуй за добрыя словы!

Часам бывае так, што цікавых навін пра птушак няма і таму або нічога не размяшчаю, або не вельмі цікавыя. Гэтае ж адкрыцьцё мяне самога ўразіла - наколькі можа быць цікавым жыцьцё птушак, пра якое мы не ведаем! Для мяне - навіна нумар адзін за гэты год.