Трэцяя перамога пасля гадавога перапынку: вынікі фотаконкурсу “Птушкі ў аб’ектыве-2012”

Фотаанімаліст Мікалай Верабей з Любані ізноў перамог у фотаконкурсе АПБ. Нагадаем, што Мікалай ужо перамагаў у намінацыі “Птушкі” ў 2009 і 2010 гг. Пры чым зрабіў гэта ізноў (як і ў 2010 годзе) з выдатным фотаздымкам дамовага вераб’я, які назваў “Будаўнікі”.

Сёлетні фотаконкурс АПБ зноў адбываўся ў два этапы і ў двух намінацыях: “Птушкі” і “Людзі, якія назіраюць/ вывучаюць птушак”. Пад час першага этапу максімум па пяць здымкаў у кожнай з гэтых катэгорый найбольш высока ацененых нашымі зарэгістраванымі наведвальнікамі што два тыдні траплялі ў фінал. Сёлета гэтыя здымкі-фіналісты, якіх набралася 120 у намінацыі “Птушкі” і 44 у намінацыі “Людзі…” аценьвала Журы ў наступным складзе: Сяргей Зуёнак (адказны рэдактар часопіса АПБ “Птушкі і мы”), Віктар Куклоў (рэдактар часопіса “Родная прырода”), Анатоль Кляшчук (прафесійны фатограф і фотанімаліст), Тацяна Раманава (бёдуотчарка і фотаанімалістка) і Сямён Левы (арнітолаг і бёдуотчар, спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях АПБ).

"Будаўнікі" Мікалая Вераб'я.

На другім месцы апынуўся выдатны здымак Мікалая Гулінскага з Гродна, які паказвае адзін з момантаў нападу чорнаваллёвага гагача на вывадак качкі-крыжанкі пад назвай "Водныя баталіі".

Убачыць такі момант, а не тое што сфатаграфаваць – гэта рэдкая ўдача. Бо чорнаваллёвы гагач залятае на Гарадзеншчыну нават не штогод.

Уся неверагодная фотасерыя з апісаньнем падзей тут: http://birdwatch.by/naziranni/4821

 

На трэцім месцы ляціць сапраўдны “Ас” – чорны свіргуль зноў аўтарства Мікалая Вераб’я. Здымак зроблены над рэчкай пад час кількагадзінных спробаў адлюстраваць момант наталення смагі самай хуткай птушкай на Свеце і па сумяшчальніцтву Птушкай 2012 году ў Беларусі.

У намінацыі “Людзі…” ўсе здымкі-прызёры зроблены аўтарамі з Гродна. На першым месцы “Юны арнітолаг” Андрэя Мікановіча (аператара тэлерадыякампаніі “Гродна”) (гл. самае верхняе фота).

Два другіх і трэцяе месца атрымалі здымкі Дзьмітрыя Вінчэўскага (рэдактара сайту Birdwatch.by) з выправаў па Беларусі і не толькі: з працесу кальцавання птушак на Тураўскай станцыі, за якім назіраюць цікаўныя брытанскія бёдуотчары, а таксама з нацыянальнага парку Келаодэо (Індыя), дзе ў ранішнім тумане робіць першыя крокі з веларыкшы мясцовы фотаанімаліст.

На трэцім месцы фота, зробленае Дзьмітрыем пад час кальцавання птушаня лебедзя-клікуна на Тэрыторыі, важнай для птушак “Гарадзенская Свіслач”:

Віншуем пераможцаў і прызёраў фотаконкурсу і паведамляем, што з наступнага году фотаконкурс “Птушкі ў аб’ектыве” будзе адбывацца інакш - без прамога ўдзелу нашага сайту. А ў нас пачнецца новы фотаконкурс “Магія дзікай прыроды”, прысвечаны здымкам не толькі птушак.

 

 На гэтую тэму:

Фотаконкурс АПБ "Птушкі ў аб'ектыве"-2011: гарадзенцы руляць?

 

Comments