Навагодняя птушка

Часткова леўцыстычная малінаўка (Erithacus rubecula), якая нагадвае Санта Клаўса ці Святога Мікалая, была заўважаная і сфатаграфаваная ў Вялікабрытаніі напярэдадні Калядаў.

Адбылося гэта пасля таго, як Брытанскі арніталагічны траст (British Trust for Ornithology, ВТО) запрасіў усіх жыхароў краіны дасылаць здымкі зімуючых птушак з не зусім нармальнай афарбоўкай.

Незвычайная птушка была адзначана ў сядзібе сябра ВТО Іэна Ўілсана (Ian Wilson) у графстве Derbyshire. Акрамя нагадваючых вусы і бараду Санта Клаўса белых вучасткаў апярэння на галаве, птушка таксама мае часткі апярэння без пігменту на крылах.

Некалькі стагоддзяў вядома, што ў птушак самых розных відаў могуць быць абнармальна афарбаваныя самыя розныя часткі апярэння і неаперанай скуры, аднак ініцыяваны ВТО Abnormal Plumage Survey павінен прынесці дадзеныя, каб адказаць на пытанні ў якіх відаў гэта здараецца найчасцей і якія часткі цела ці апярэння абнармальная афарбоўка закранае.

Таварыствам ужо атрыманыя дадзеныя пра больш чым 1500 леўцыстычных птушак больш, чым 35 відаў: ад сіняй сініцы да канюха-мышалова і лыскі. Найчасцей ненармальна афарбаванымі ў Вялікабрытаніі заўважаныя чорныя дразды, потым каўкі, чорныя вароны і гракі.

Самыя незвычайныя выпадкі, зарэгістраваныя дагэтуль, гэта сіняя сініца з чорнай галавой, дамовыя вераб’і з чырвонаватым апярэннем і чорнагаловыя шчыгелы з аранжавым замест чырвонага апярэннем. У некаторых выпадках незвычайная афарбоўка нават не дае магчымасці адразу вызначыць від!

Навуковае даследаванне, якое праводзіцца з дапамогай “простых” людзей можа даць цікавыя вынікі. І гэтае, датычнае незвычайна афарбаваных птушак, адзін з такіх добрых прыкладаў.

Паводле www.birdwatch.co.uk (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by 

 

Comments