Балійскія майны вяртаюцца на сваю радзіму

Чатыры пары балійскіх майнаў (Leucopsar rothschildi), адной з самых рэдкіх птушак на Зямлі, былі выпушчаныя ў прыроду дзякуючы заапарку ў Чэсцеры (Chester Zoo) і адмысловай праграме па рэінтрадукцыі віду.

Балійская майна – адзіны эндэмік сярод прадстаўнікоў хрыбетных жывёл на гэтым інданезійскім востраве, які амаль знік у дзікай прыродзе і мае статус крытычна пагражаемага. Ў 2001 годзе ўся папуляцыя віду на Балі аценьвалася ў 6 асобін, аднак праграма па развядзенню майнаў у няволі і наступнай рэінтрадукцыі віду дазволіла павялічыць яе да цяперашніх 50-115 птушак. Тым не менш гэта лічба не дазваляе спадзявацца на самастойнае далейшае выжыванне віду.

Таму тыя 1000 птушак, якія легальна ўтрымліваюцца ў няволі, працягваюць ўдзельнічаць у міжнароднай праграме па развядзенню балійскіх майнаў у рамах праекту Bali Starling Conservation Project.

Д-р Роджэр Уілкінсан (Dr Roger Wilkinson), які ачольвае аддзел палявых даследаванняў і аховы прыроды Чэсцерскага заапарку, сказаў: “Гэты прыгожы шпак застаецца крытычна пагражаемым з-за таго, што мае надзвычай маленькі арэал і папуляцыю, адначасова ён церпіць з-за браканьерскага адлову жывых птушак на продаж. Шмат цяжкай працы было зроблена адданымі сваёй місіі людзьмі, каб з’явілася гэтая цудоўная магчымасць выпусціць у прыроду чарговых 8 майнаў”.

Абранае для гэтага месца было спецыяльна падрыхтаванае – навукоўцы павінны былі быць упэўнены, што тэрыторыя належна ахоўваецца і персанал зможа адсочваць лёс выпушчаных птушак. Пакуль не зразумела, колькі з выпушчаных раней майнаў змаглі выжыць і пачаць размнажацца ў прыродных умовах, аднак надзея на тое, што гэты эндэмічны від птушак атрымаецца вярнуць на радзіму, павялічваюцца. Для гэтага трэба ўзяць пад поўны кантроль адлоў мясцовых відаў птушак з мэтай наступнай іх прадажы для калекцыянераў.

Чэсцерскі заапарк праводзіць навучанне, забяспечвае экспертаў і грошы для центру па развядзенню майнаў на Балі, а таксама працуе разам з Begawan Foundation і Jurong Bird Park над выпускам птушак у прыроду і маніторынгам дзікай папуляцыі.

Эндр’ю Оўэн (Andrew Owen), куратар птушак заапарку, дадае: “Гэта толькі пачатак. Раней ці пазней яны пачнуць размнажацца ў прыродзе, а выжывальнасць маладых забяспечыць іх распаўсюджванне на востраве – наступны важны крок. Аднак перад намі яшчэ доўгая дарога каб зрабіць будучыню гэтага надзвычай цікавага віду трошкі больш светлай”.

Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by 

Здымак з www.redbubble.net

На гэтую тэму:

Появление первого птенца тайфунника ознаменовало успех программы по реинтродукции.

Паспяховы працяг грандыёзнага праекту па ўзнаўленні прыродных экасістэм на востраве Мана

 

Comments