Жоўтая чапля-лазянік – новы гняздуючы від для Заходняй Палеарктыкі

 Трошкі больш за год спатрэбіўся нямецкім бёдуотчарам, каб пасля першай рэгістрацыі голасу жоўтай чаплі-лазяніка (Ixobrychus sinensis) у Заходняй Палеарктыцы даказаць яе гнездаванне ў мясцовасці Hamata ў Егіпце.  

Гісторыя пачалася вясной 2012 году, калі нямецкі бёдуотчар пачуў незнаёмы яму голас з мангравых зараснікаў Чырвонага мора. Каб пацвердзіць сваю здагадку, ён паспяхова паставіў сеткі, ў якія ў красавіку мінулага году трапілі ажно два самцы незарэгістраванага для нашага зоагеаграфічнага рэгіёну віду. Злапаныя птушкі былі прамераныя і ў іх узялі генетычны матэрыял для аналізу, акрамя гэтага былі зробленыя запісы іх галасоў. Сабраныя пацверджанні рэгістрацыі новага для Заходняй Палеарктыкі віду трымаліся ў сакрэце, каб пазбегнуць наплыву магчымых твітчараў (бёдуотчараў, для якіх найважнейшай справай ёсць рэгістрацыя новых для сябе і рэгіёну відаў птушак). 

Сёлета ў сетку трапілі два самцы з наседнай плямай, якая паказвала на вялікую імавернасць гнездавання віду ў Егіпце. Пасля пошуку жоўтых чапляў-лазянікаў у падобных біятопах у рэгіёне, аказалася, што насамрэч гэтых птушак тут параўнальна шмат. Было знойдзена і апісана тры гнязды, аднак без сумненняў нашмат больш засталіся нязнойдзенымі.

Від аказаўся непрыкметным і мае вельмі падобныя паводзіны да іншых прадстаўнікоў роду Ixobrychus (напрыклад, нашай чаплі-лазяніка), аднак брачныя крыкі самцоў лягчэй пачуць, часта яны гучаць уначы. 

Від звычайны па ўсёй Паўднёвай Азіі і на ціхаакіянскіх астравах. Аднак ці з’яўляюцца гняздуючыя на Чырвоным моры чаплі вынікам нядаўняй каланізацыі новых месцаў, ці існуюць і іншыя калоніі віду на Аравійскім паўвостраве (дзе вельмі мала бёдуотчараў), застаецца невядомым. Найбліжэйшыя месцы гнездавання віду знаходзяцца на Сейшэльскіх астравах і ў Амане. 

Крыніца:

Hering, J, Barthel, P H, Eilts, H-J, Frommolt, K-H, Fuchs, E, Heim, W, Müller, K, and Päckert, M. 2013. Die Chinadommel Ixobrychus sinensis am Roten Meer in Ägypten – erste Nachweise eines übershenen westpaläarktischen Brutvogels. Limicola 26: 253-278. 

Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by 

Здымак з www.birdskorea.org

 На гэтую тэму: 

НОВЫ ВІД ПТУШАК ДЛЯ ЗАХОДНЯЙ ПАЛЕАРКТЫКІ ЗАЛЯЦЕЎ У ІРЛАНДЫЮ

Амерыканская чапля-кваква – новы від для Заходняй Палеарктыкі 

 Новы від для Заходняй Палеарктыкі – жоўтабрухі голуб

 Другая рэгістрацыя шыфера-спінай чайкі ў Заходняй Палеарктыцы 

У Спіс птушак Заходняй Палеарктыкі дадаўся новы від

Першы карычневы крывок у Заходняй Палеарктыцы

Рэгістрацыі самых рэдкіх птушак Заходняй Палеарктыкі сабраныя пад адной вокладкай

 

 

Comments

 Справа ў тым, што Аравійская паўвыспа (часткай) даследчыкаў адносіцца да пераходнай зоны, а не да Заходняй Палеарктыкі.  Таму можа такім чынам і напісаны тэкст у арыгінальным ангельскім тэксце, які я не змяняў.