Апошнія вяртлявыя чаротаўкі з даліны Нэру

    ТВП „Dolina Neru” знаходзіцца на тэрыторыі „Natura 2000” і ўваходзіць у комплекс прадоліны Варшаўска-Берлінскай. Гэта адно з чатырох месцаў гнездавання вяртлявай чаротаўкі на тэрыторыі Польшчы.
Інвентарызацыі птушак на ТВП прысвечаны адмысловы артыкул у чарговым нумары часопіса „Woliera” (nr 5/2009).

    Каманда орнітолагаў з дапамогай традыцыйных улікаў на трансектах, пракладзеных праз зарослую асакой даліну рэчкі атрымала здзіўляючыя і непакоячыя вынікі. Атрымалася адзначыць толькі адну гняздуючую пару гэтага глабальна пагражаемага віду птушак!
    У самым пачатку сезону гнездавання быў адзначаны спяваючы самец, які раней, недзе на міграцыі, быў акальцаваны французскім кальцом. Яго атрымалася злапаць, сняць усе неабходныя прамеры і выпусціць на волю. Менавіта гэты самец і заставаўся адзіным на працягу ўсяго сезону гнездавання ў даліне Нэру.
    Вынік быў зусім нечаканы асабліва таму, што ў папярэднія гады тут адзначалі па 14 спяваючых самцоў чаротавак!
Паводле Кацпра Кавальчыка (Kacpra Kowalczyka) (які праводзіў улікі) – а яго меркаванне падзяляюць прадстаўнікі Агульнапольскага таварыства аховы птушак OTOP, - адна з прычын знікнення тут не толькі чаротавак, але і іншых відаў птушак (між іншым гнездавой калоніі чайкі-рыбачкі з 1,5 тысячы пар) можа быць асушэнне часткі даліны Нэру, якое было праведзена два гады таму в Велькапольскім і Лодзкім ваяводзтвах.  Пад час яго адбылося знішчэнне асаковых прыпойменных тэрыторый і пойменных лугоў. OTOP абскаржыў меліярацыю, аднак пакуль пазітыўных вынікаў гэта не дало.
    Аўтар артыкулу прапануе выкарыстаць для захавання пазасталай тэрыторыі асаковага балота  т.зв. “сельскагаспадарчы пакет” – даплаты фермерам за тое, што ў акрэсленых орнітолагамі тэрмінах і месцах фермеры не будуць скошваць асаку. Аднак наколькі гэтыя дзеянні могуць дапамагчы знікаючай у даліне Нэру вяртлявай чаротаўцы, сказаць цяжка.
Здымак вяртлявай чаротаўкі Матэуша Матысяка www.mateuszmatysiak.pl
Паводле www.birdwatching.pl падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
 

Comments