Не так даўно Беларуская арніта-фауністычная камісія (БАФК) афіцыйна павялічыла Спіс птушак Беларусі да 325 відаў. І вось новы кандыдат у гэты спіс – амерыканская качка-свіцьва (Anas americana), якую мясцовыя арнітолагі і бёдуотчары Дзьмітры Вінчэўскі і Таццяна Смыкоўская адзначылі на Гарадзеншчыне.
Пад час штотыднёвых выездаў на назіранні птушак для ўсіх ахвотных, якія ладзіць Гродзенскае абласное аддзяленне ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” з мінулай восені, звычайна атрымліваецца адзначыць як мінімум адзін рэдкі від птушак, цікавы для бёдуотчараў з Клубу200. Аднак апошнія два тыдні на Гарадзеншчыне нікога рэдкага ўбачыць не атрымлівалася.
Цяпер ідзе масавая міграцыя розных відаў, пад час якой і здараюцца самыя цікавыя назіранні, бо некаторыя птушкі часам моцна адхіляюцца (па розных прычынах) ад звычайных шляхоў пералётаў і могуць трапіць на вока назіральнікам нават за тысячы кіламетраў ад магчымага месца гнездавання.
Вясновая міграцыя на балоце Грайна - тысячы гусей, сотні качак і чаек прыпыняюцца тут цяпер адначасова.
Так атрымалася і ў пятніцу, 27 сакавіка, калі мы вырашылі зрабіць дадатковы выезд у даліну ракі Свіслач у Бераставіцкі і Гродзенскі раён. Пад час праверкі відавога складу і ўлікаў вадаплаўных птушак на нізінным балоце Грайна – найбольш каштоўным месцы ў арніталагічным заказніку мясцовага значэння “Свіслач”, я яшчэ з машыны дзякуючы трубе адзначыў адну са свіцьваў, якая кідалася ў вочы сваёй больш блёклай у параўнанні з іншымі свіцьвамі афарбоўкай.
Акрамя гэтага, добра заўважным быў і бела-крэмавага колеру верх галавы, які ў самца нашай свіцьвы павінен быць ярка-жоўтым. Адразу ўзнікла думка, што гэта можа быць самец амерыканскай свіцьвы, якую яшчэ не адзначалі ў Беларусі. Але значная адлегласць не дазваляла добра сфатаграфаваць птушку нават суперзумам з павелічэннем 60 – на маніторчыку яе магчымыя абрысы ніяк не адрозніваліся ад абрысаў іншых качак. Таму давялося спачатку шукаць птушку ў трубу, а ўжо потым ў гэтым кірунку рабіць наўздагад некалькі здымкаў з надзеяй, што патрэбная качка ўсё ж трапіла ў кадр.
Паводле параўнання ўбачанага з вызначальнікам для самца амерыканскай свіцьвы не хапала ярка-зялёнай афарбоўкі верхняй часткі галавы, якая ў знойдзенай намі качкі здалёк падавалася толькі цёмнай і зрэдчас пад час асвятлення сонцам у некаторых ракурсах – светла-зялёнай. Таму канчатковае рашэнне наконт правільнасці вызначэння птушкі прыйшлося перанесці на вечар, калі ўжо на маніторы кампутара атрымалася пацвердзіць, што гэта сапраўды новы для Беларусі від.
У нядзелю новы для краіны і сябе від птушак ужо паспелі паглядзець бёдуотчары з Ліды і Шчучына, такім чынам колькасць чалавек, якія бачылі амерыканскую свіцьву ў Беларусі, дасягнула пяці.
Варта адзначыць, што балота Грайна ўваходзіць у Тэрыторыю, важную для птушак, якая мае міжнароднае значэнне. Акрамя гэтага, сябры АПБ з Гарадзеншчыны другі год запар збіраюць дадзеныя для павелічэння заказніка амаль у два разы да пр. 5500 га на ўсю добра захаваную пойму ракі Свіслач па яе ўпадзення ў Нёман і гэтыя планы збудуцца ўжо сёлета. За час даследаванняў на тэрыторыі павялічанага запланаванага заказніка “Нёманская Свіслач” мы адзначылі прыкладна 140 відаў птушак, з якіх амаль 40 відаў занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.
Дзякуючы актыўнай падтрымцы нашай ініцыятывы па забароне тут вясновага палявання на птушак Мініпрыроды, з гэтага году тут больш не страляюць у дзесяткі тысяч гусей і качак, якія прыпыняюцца для адпачынку і харчавання ў пойме ракі і на навакольных палетках. Вельмі радуе і тое, што забарона гэтая бестэрміновая.
Амерыканская свіцьва (американская свиязь - рус.) – шматлікі і шырока распаўсюджаны ў Паўночнай Амерыцы від качак. Пад час сезонных міграцый можа выпадкова залятаць у Еўропу, дзе на Брытанскіх астравах і ў Ісландыі штогод адзначаецца дзесяткамі, ў іншых краінах нашага кантыненту: у Галандыі, Даніі, Швецыі, Фінляндыі, Францыі, Бельгіі, Германіі, Нарвегіі, Іспаніі, Чэхіі ў значна меншай колькасці. Сапраўднасць такіх залётаў менавіта з амерыканскага кантыненту пацверджана знаходкамі акальцаваных у ЗША птушак у розных краінах Еўропы. Цікава, што від таксама зарэгістраваны ў Літве і Польшчы, у апошняй упершыню ў 2013 годзе і дагэтуль такіх рэгістрацый там вядома не больш пяці.
Для афіцыйнага ўключэння новага віду ў склад арнітафауны Беларусі назіранне павінна быць зацверджана БАФК.
Дзьмітры Вінчэўскі, фота аўтара
На гэтую тэму:
БОФК: В СПИСКЕ ПТИЦ БЕЛАРУСИ СТАЛО 325 ВИДОВ - ДОБАВИЛИСЬ 4 И ИСКЛЮЧЕНЫ 2
НОВЫ ДЛЯ БЕЛАРУСІ ВІД ПТУШАК – ПЯЧУРАЎКА-ЗАРНІЧКА – АДЛЯЦЕЎ З УЛАСНЫМ КАЛЬЦОМ
У ПРЫРОДЗЕ БЕЛАРУСІ АДЗНАЧАНЫ ЯШЧЭ АДЗІН (ЧУЖАРОДНЫ) ВІД ПТУШАК
НОВЫ ДЛЯ БЕЛАРУСІ ВІД ПТУШАК - ПЛАСКАНОСЫ ПЛЫВУНЧЫК - ЗАЛЯЦЕЎ НА ВІЦЕБШЧЫНУ + VIDEO
СМОГУТ ЛИ ПОПУГАИ ОСВОИТЬ ПРИРОДУ БЕЛАРУСИ?
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Comments
biot - 30.03.2015 - 11:23
Падручнікі, дзе пра колькасць
Падручнікі, дзе пра колькасць відаў птушак Беларусі пішуць, кожны год перевыдаваць патрэбна )))
biot - 30.03.2015 - 18:37
In reply to Падручнікі, дзе пра колькасць by biot
Есць меркаванне ад калегі з
Есць меркаванне ад калегі з Бельгіі, што птушка на Грайна - гібрыд паміж еўрапейскай і амерыканскай свіцьвамі. Чытайце каментар на Birding Belarus.
Harrier - 30.03.2015 - 20:15
In reply to Есць меркаванне ад калегі з by biot
Я з самага пачатку думаў пра
Я з самага пачатку думаў пра магчымасць гібрыда. Але па іншых крытэрах. Насамрэч магчымасць гібрыдызацыі паміж нашай і амерыканскай свіцьвай вельмі малая (таму што і амерыканскіх птушак у Еўропу залятае няшмат). А залёт такога гібрыда ў Беларусь выглядае нашмат меншай імавернасцю, чым амерыканскай свіцьвы - таму што гібрыдаў такіх павінны быць адзінкі.
Паглядзім на рэакцыю іншых бёрдэраў, якія лепш знаёмыя з відам.
Акрамя таго застаецца магчымасць знайсці на маіх здымках самку амерыканскай свіцьвы. Так што я не буду пакуль змяняць назву навіны. А канчатковае рашэнне прыме БАФК, канешне.
svetlana vranova - 31.03.2015 - 14:52
In reply to Я з самага пачатку думаў пра by Harrier
Treba nie zabyvac, što hetych
Treba nie zabyvac, što hetych ptušak dziesiatkami hadujuc u štučnych hadouliach v aharodach... Ja ich niamala bačyla na svaie vočy. Tam hibridau navat sviadoma pradukujuc. Tamu usie mahčyma, Dzimu :-)
Harrier - 31.03.2015 - 20:12
In reply to Treba nie zabyvac, što hetych by svetlana vranova
Дзякуй, Святлана, за цікавы
Дзякуй, Святлана, за цікавы каментар. Але з яго не зразумела: хто і каго разводзіць: "нашу" свіцьву, амерыканскую, гібрыдаў паміж імі? і каго (і навошта? ) выпускае? Ў Чэхіі амерыканская свіцьва - звычайны ці амаль звычайны від? Хацелася б больш інфармацыі, бо сытуацыя цікавая. Тым больш што ў Польшчы - наколькі зразумела - бачылі не больш 4-5 розных птушак з 2013 году. Сёлета яшчэ ніводнай.