Новы нумар часопіса “Птушкі і мы” ўжо выйшаў

    Наклад другога нумару “ПіМу” за гэты год ужо надрукаваны. Спадзяемся, што ў хуткім часе сябры АПБ атрымаюць яго па пошце. У гэтым нумары чытачы могуць пазнаёміцца адразу з двума матэрыяламі ў рубрыцы “Погляд”: Ірына Самусенка распавядае пра праблему “Птушкі і ЛЭП” і прадстаўляе свой погляд на яе вырашэнне, а Дзяніс Кіцель піша пра вайну з гракамі і свой погляд на яе.
Далей прадстаўлены орніталагічныя навіны ў выглядзе падборкі скаротаў некаторых артыкулаў, змешчаных на сайтах АПБ ptushki.org і birdwatch.by.


    У рубрыцы “Зніклі назаўжды” добра ілюстраваны артыкул Дзьмітрыя Вінчэўскага пад смутнай назвай “Мёртвы, як дронт…”
На каляровым развароце змешчаны, на жаль, мноства непадпісаных здымкаў да артыкула Вольгі Лукшыц “Налібоцкае сафары” і далей сам цікавы артыкул з невялікай мапкай.
Пра свае сустрэчы з пастушком у Францыі распавядае Тацяна Раманава, здымкі з гэтых сустрэч чытачы могуць убачыць таксама ў колеры.
    У гэтым нумары падаецца заканчэнне артыкула Дзьмітрыя Вінчэўскага пра жыццё і дзейнасць нашага славутага земляка Бенэдыкта Дыбоўскага, якому ў 2008 годзе споўнілася б 175 год.
Далей у скароце пададзены рэпартаж-пераможца нашага сайту “Дождж, птушкі і добры гумар” Андрэя Абрамчука пра абставіны ўдзелу каманды Цім-бай у сёлетнім Бёдрэйсе.
У рубрыцы “Вакол Свету” надрукаваны, на мой погляд, выдатны нарыс Дзяніса Кіцеля з яго вандроўкі на Салавецкія астравы ў Белым моры.
    На пры канцу нумару прыведзены ліст шэрай гусі да людзей, запісаны Ганнай Дудзіч з Дзяржынска  і таксама па-мастацку пададзеныя нататкі аб незвычайных зімовых сустрэчах з птушкамі на Гарадзеншчыне Дзьмітрыя Якубовіча, праілюстраваныя такім ж выдатнымі здымкамі.
Другая і перадапошняя старонкі вокладкі аддадзены пад малюнкі дзетак, якія стараліся намаляваць шэрую гусь - птушку 2009 года. У якасці Дадатку ў часопіс укладзены постэр з сямействам скапы на гняздзе з аднаго боку  і коміксам і арыгамі для дзетак з другога.

   Гэты нумар аказаўся апошнім, які рэдагаваў Сяргей Зуёнак. Дзякуючы Сяргею, праца рэдакцыйнай калегіі ператварылася ў сапраўды калегіяльную – артыкулы, здымкі і макет абмяркоўваліся і рэдагаваліся, пажаданні і заўвагі чальцоў рэдкалегіі ў большасці выпадкаў улічваліся. Што, канешне, не магло не дадаць часопісу якасці. Спадзяемся, што ў новага адказнага рэдактара атрымаецца па меншай меры не горш.

На вокладцы – самец вялікага савука (здымак Дзьмітрыя Якубовіча).

Comments