Хто каго выбірае ў вялікіх сініц і чаму?

 

Імавернасць таго, што пара вялікіх сініц (Parus major) застанецца разам пасля першага гнездавання, залежыць ад сацыяльнага асяроддзя (колькасці і даступнасці патэнцыйных партнёраў), ў якім гэтая пара сфармавалася – да такіх высноваў прыйшлі навукоўцы. 

Як і большасць людзей, большасць відаў птушак стараюцца быць сацыяльна манагамнымі: яны знаходзяць партнёра для размнажэння і застаюцца сацыяльна звязанымі выключна з ім. Таксама падобна да людзей, партнёры часам падманваюць адно аднаго або кідаюць партнёра зусім і капуліруюць з іншым – гэта часта здараецца тады, калі сацыяльнае партнёрства не ёсць аптымальным. 

“Людзі лічаць, што знайсці партнёра лягчэй, калі жывеш у вялікім горадзе і маеш шмат сяброў. Падобна гэткім жа чынам сацыяльная структура ўдзейнічае і выбар на птушак.” – сказала д-р Энціка Куліна (Dr Antica Culina) з факультэту заалогіі Оксфардзкага ўніверсітэту (Вялікабрытанія), кіраўнічка даследавання.

Большасць папярэдніх прац, якія спрабавалі зразумець сацыяльную дынаміку “разводаў” у птушак, выкарыстоўвалі дадзеныя на папуляцыйным узроўні з-за таго, што вельмі цяжка атрымаць дастаткова інфармацыі пра ўзаемадачыненні паміж асобнымі птушкамі ў прыродзе. 

Аднак каманда з Оксфардзкага ўніверсітэту змагла назіраць за тысячамі індывідуальна пазначаных вялікіх сініц у лесе Wytham, Oxon, з канца 1960-х гадоў. З 2007 г. маштабы даследаванняў павялічыліся і 80% птушак, якія зімуюць у гэтым лесе, былі пазначаныя радыё-перадатчыкамі PIT (passive integrated transponders).

Для сініц вакол лесу былі ўсталяваныя сталоўкі з антэнамі, якія і адчытвалі сігналы з перадатчыкаў калі птушкі набліжаліся да іх. Запісваліся дадзеныя пра асобу птушкі, час прылёту- адлёту. Калі прыляталі птушкі ў групах, даследчыкі маглі “назіраць” якія птушкі кантактуюць з якімі і праверыць адносіны ў парах. 

“Нашы сталоўкі адкрытыя два дні на тыдзень і ў гэты час мы атрымлівалі дадзеныя як зрэз сацыяльных ўзаемаадносін у сініц” – растлумачыла д-р Куліна. “Паўтараючы гэта шмат разоў на працягу зімы, мы маглі назіраць за зменамі ў групах і парах”. 

У 2007-14 гг. навукоўцы атрымалі дадзеныя пра наведванні сталовак 6.743.553 разоў 3.198 рознымі сініцамі, дзякуючы якім яны змаглі “памераць сацыяльнае наваколле”, а менавіта колькасць заляцанняў да птушак супрацьлеглага полу, адносіны паміж будучымі партнёрамі і гендэрны баланс у групах каб зразумець імавернасць “разводаў” у парах пасля першага размнажэння. 

Вынікі паказалі, што самцы з высокай доляй знаёмстваў з самкамі маюць меншую імавернасць пакінуць сваю партнёрку да наступнага сезону размнажэння. Цікава, што абсалютная лічба самак у групах няважная, а важным аказаліся адсоткавыя (%%) суадносіны палоў у групе. Акрамя гэтага, менш “разводаў” было ў больш дасведчаных самцоў.  

“Нашы вынікі паказалі, што самцы праз “развод” карэктуюць непажаданае партнёрства. Калі па нейкіх прычынах яны могуць быць няздольныя размнажацца са сваёй “ідэальнай” абранкай, яны размнажаюцца з менш ідэальнай” – сказала д-р Куліна. 

Адначасова аказалася, што для самак сацыяльнае атачэнне не ўздзейнічае на імавернасць іх “разводаў”. Чаму гэта так даследчыкі яшчэ не могуць растлумачыць і будуць праводзіць далейшыя назіранні і эксперыменты, аднак магчыма, што самкі выбіраюць самцоў не толькі на аснове “сяброўства”. Бо самцы ў вялікіх сініц абараняюць свае тэрыторыі, таму самкі, якія мяняюць самца, таксама павінны змяніць папярэднюю тэрыторыю разнажэння. Таму, магчыма, самкі выбіраюць не столькі непасрэдна партнёра, як тэрыторыю, якую ён кантралюе.  

Крыніца:

А. Culina, C.A. Hinde, B.C. Sheldon (2015) Carry-over effects of the social environment on future divorce probability in a wild bird population. The Royal Society Proceedings B  Published 14 October 2015.DOI: 10.1098/rspb.2015.0920

Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Мікалая Вераб'я

 

На гэтую тэму:

ПТУШКІ ПАКАЗАЛІ ЭВАЛЮЦЫЙНЫЯ ПЕРАВАГІ ЗАКАХАНАСЦІ

КАНФАРМІЗМ І НОНКАНФАРМІЗМ У ПТУШАК НА ПРЫКЛАДЗЕ ВЯЛІКІХ СІНІЦ

ДАКАЗАНА: САМКІ ВЯЛІКІХ СІНІЦ МАЮЦЬ ЛЕПШУЮ ПАМЯЦЬ, ЧЫМ САМЦЫ

 

Comments

Вырашылі, што стандарты вельмі вядомыя, каб іх агучваць?) 

Data on breeding pairs (i.e. identities of pair members and details of their breeding parameters) were collected using standardized protocols during the breeding season.