Свіргулі пад аховай закону – працэс у Лодзі

     На гэтым тыдні перад гродскім судом аднаго з раёнаў Лодзі – Widzew – пачаўся судовы працэс супраць прадстаўнічкі мясцовага жылога кааператыву, якую абвінавачваюць у знішчэнні гнёздаў свіргулёў.
Перадгісторыя працэсу наступная. Жыхары аднаго з мікрараёнаў паведамілі медыям, што пад час рамонту аднаго з мясцовых будынкаў будаўнікі заляпілі адтуліны, якія вялі да гнёздаў чорных свіргулёў ды іншых птушак, якія гнездавалі пад дахам і на паддашшу гэтай камяніцы.

     Згоду на такія дзеянні афіцыйна далі ўлады мясцовага жылога кааператыву. Пра падзеі было праінфармаванае і Рэгіянальнае агенцтва аховы наваколля ў Лодзі (Regionalną Dyrekcjа Ochrony Środowiska w Łodzi), якое падала заяву ў пракуратуру з просьбай расследаваць парушэнне закона аб ахове прыроды.
    Пад час судовага паседжання абвінавачаная патлумачыла, што перад абнаўленнем будынку яна разам з кіраўніком будаўнікоў агледзела патэнцыйныя месцы гнездавання птушак (нават з ужо ўсталяваных рыштаванняў) і нікога не заўважыла. Таму яна дала каманду пачынаць рамонт і не палічыла неабходным выклікаць орнітолагаў для кансультацыі. Перш чым, усё ж такі запрасіць орнітолага, прайшло амаль тры месяцы і для гэтага спатрэбіліся шматлікія скаргі жыхароў. Агляд будынка быў зроблены ў канцы верасня, а ў кастрычніку былі закуплены гнездавыя скрыні для свіргулёў.
    У студзені судовы працэс будзе працягнуты. Не выключана, што ў якасці эксперта ў суд будзе запрошаны орнітолаг. Цікава, што абвінавачаная сваёй віны не прызнае.
Працэс можна прызнаць адным з прэцэндэнтаў. Хаця падобных парушэнняў закону ў Польшчы адбываецца шмат, вінныя іх вельмі рэдка трапляюць у суд. 


Здымак чорнага свіргуля Дзьмітрыя Якубовіча
Паводле www.lodz.gazeta.pl праз www.birdwatching.pl падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

Comments

Мяне найбольш здзівіла не тое, што рэгіянальнае агнецтва па ахове навакольля падала ў суд (для нас гэта таксама неверагодна, канешне з нашымі камітэтамі), але тое, што жыхары дому ўвесь час падымалі шум і дамагліся хоць якіх, але вынікаў. І гэта ў абароне сьвіргулёў!