Навошта жаўруку рогі?

21.03.2009 - 02:20 | Kiolk

Пасля лекцый вырашыў з’ездзіць на адно з цікавых месцаў Гарадзеншчыны (у арніталагічным плане) і паглядзець на адзнакі вясны, якая на некалькі дзён ужо завітвала да нас.

Надвор’е, нейкае памежнае: ці вясна, ці яшчэ зіма. Так і з птушкамі: на адным дрэве спяваюць гілі,  ім у адказ на суседнім берасцянкі. Па дарозе да ачышчальных сажалак сустрэў стайку палявых жаўрукоў, якая моўчкі адляцела ад дарогі. Не даходзячы да сажалак, заўважыў невлічку стайку птушак, якая весела перабягала па полю ў пошуках жамяры і зерня, калі  прыглядзеўся, дык быў вельмі здзіўлены, гэта былі рагатыя жаўрукі (Eremophila alpestris) Птушак 20 харчавалася на поле і час ад часу пераляталі . Рагаты жаўрук, стаў новым відам птушак для мяне.

Іншая цікавая сустрэча адбылася на сажалках, калі з боку Гродна падляцела 7 даволі вялікіх птушак, памерам з гуся. Пры дэталёвым іх разглядзе, я прыйшоў да высновы, што гэта чорная казарка (Branta bernicla), так  як з казаркамі я справы маю ўпершыню, таму невялікія сумневы застаюцца. Зрабіўшы некалькі колаў, яны зляцелі.

Акрамя гэтага, на сажалках пабачыў качак-цыранак, качак-свіцьв, крыжанак, звычайных гогаляў, малых коўр, лысак, чубатага нырка, лебедзяў-шыпуноў, шэрую  чаплю, кнігавак, вялікіх грычуўноў,  канюха-мышалова, шпакоў і вялікіх сяніц.

 

Аб надыходзе вясны можна мяркаваць па пачатку вяснавога палявання, якое пачалося і тут, аб гэтым сведчаць гільзы каля сажалак.

Вось такое атрымалася падарожжа: невялікае, але багатае на цікавыя сустрэчы.

Каментары

Сапраўды, цікавыя птушкі - я рагатых жаўрукоў ужо колькі гадоў не бачыў. А раней нават у горадзе на ўскрайках што зіму былі.

І казаркі (!), і рагатыя жаўрукі - віды для сябраў Клубу200. Чаму ніхто нічога не атрымліваў? - гэта ж цікавыя сустрэчы! Тым больш казаркі, чорныя (!).