Дакументацыйныя здымкі і відэа
Калі я ўбачыў амаль пасярэдзіне дарогі, замошчанай пліткай, шэрую варону (Corvus (corone) cornix), якая яўна нешта даставла з невялікай шчыліны, у мяне ў галаве хутка 'пракруціліся' варыянты, якія я ўжо бачыў раней: варона дастае першы раздаўлены грэцкі арэх адтуль? дастае дажджавых чарвякоў, якія вылезлі з-за дажджоў рассяляцца і засохлі па дарозе?
Але як гэта бывае з варонамі, птушка ізноў мяне здзівіла. Усё аказалася інакш, але не менш цікава:
Аказалася, што варонка прынесла аднекуль трох чорных вусеняў і прыдумала, што іх можна схаваць у вышчэрбліну паміж пліткамі. Але гэта яўна не была супер-схованка, пра якую я пісаў ТУТ. Ці то тыя вусені сталі вылазіць са схованкі самі, ці то варона адразу зразумела, што месца яўна не найлепшае сама, аднак далей адбывалася тое, што я і ўбачыў. Ніікуды не адляцеўшы, варона дастала жывую здабычу і акуратна сабрала яе ў дзюбу. А потым прыхавала пад скошанай травой на ўзбочыне, метрах у 10 ад першага месца. Ды яшчэ і зверху траву паклала. Каб надзейней было)
Адразу пасля гэтага, не губляючы часу, пайшла шукаць іншую ежу ўздоўж ходніка, хаця, здавалася, не была галодная - інакш навошта было тых вусеняў хаваць?
Гродна, 29-08-2021
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 02.09.2021 - 20:27
Вароны хаваюць не толькі…
Вароны хаваюць не толькі нешта ядомае, але і каштоўнасці. Сярод рознага хламу і бразготак у іх гнёздах трапляюцца каштоўныя ўпрыгажэнні. Чытаў, што ў Расеі бамжы асвоілі асновы альпінізму - лазяць у гнязды варон і сарок - шукаюць каштоўнасці.