Хаця самыя раннія вясковыя ластаўкі (Hirundo rustica) выляцелі ў тым самым месцы - з гнёздаў унутры будынкаў былога Гарадзенскага бровара - яшчэ тыдзень таму, гэтыя пяцёра птушанят таксама з аднаго з першых вывадкаў. Бо напэўна будзе і другі - лета, у адрозненне ад вясны, цёплае.
Маладыя ластаўкі ўжо выдатна лятаюць, але гэтая здольнасць ім пакуль што непaтрэбная для здабывання ежы - каго, дзе і як лавіць яны яшчэ толькі будуць вучыцца. А зараз трэба прыляцець у адносна бяспечнае і адначасова добра бачнае месца і сядзець так, каб цябе знайшлі бацькі з ежай. Як дарослыя ластаўкі выбіраюць - каго з птушанят карміць у гэты раз? цяжка зразумець і мне, і птушанятам) Часам таму самаму малому дастаецца прадуктовы набор з насякомых два разы запар, а часам адзін з бацькоў аддае ежу двум птушанятам за адзін прылёт.
Пэўна з-за гэтага тыя, якія параўнальна даўно не атрымлівалі сваю заслужаную порцыю, пералятаюць да шчасліўчыкаў у надзеі на тое, што ў гэтым месцы іх дакладна не абдзеляць) Тады і больш шчыльна сядзяць па двое і часам нават па трое. І хаця ў вывадку 5 малых, добра, што не ўсе вырашаюць выбраць тое самае месца)
Перадача - ці хутчэй ўкладанне ежы ў рот малым - адбываецца з дзюбы ў дзюбу так, каб нічога не выпала. Але хаця стараюцца і птушаняты, і бацькі, часам нешта ўсё роўна выпадае, а часам і адлятае - бо яшчэ жывое)
Гродна, 03-07-2022
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
arktous - 07.07.2022 - 08:52
Вот это серия! Цирк на…
Вот это серия! Цирк на остриях прутьев! Интересно, а как родители деревенских ласточек принуждают(?) молодых самих начинать охотиться за насекомыми? Недавно наблюдал на водоеме как чомги своих уже больших птенцов, просящих корма, гоняли и притапливали, вынуждая самих добывать пищу.
Harrier - 07.07.2022 - 15:00
Дзякуй! Думаю, што прынцып…
Дзякуй! Думаю, што прынцып той самы для ўсіх відаў - недакармлівай калі хочаш, каб птушаняты самі пачалі нешта рабіць.
У ластавак даволі хутка 1 ці 2 малых з 5 пачынаюць самі ляцець насустрач бацькам з ежай - тады яны і атрымліваюць яе першымі. Ну а потым, наступны этап, напэўна, вучоба побач з дарослымі "Рабі як я". Думаю, што на дробных стракозах, якіх зараз многа на расліннасці, вучыцца не так складана.