Працяг гісторыі. Пачатак ТУТ працяг ТУТ.
Пяцёра маладых вясковых ластавак (Hirundo rustica), якія нядаўна выляцелі з гнязда, сядзелі на рознай адлегласці адна ад адной і як бацькі выбіралі каго з іх карміць у гэты раз, а каго - у наступны ці праз 2-3-4 прыносы ежы, я не ведаю. Бо птушаняты звычайна маментальна пачыналі крычаць або калі бачылі прыбліжэнне дарослых (а спачатку і маладых) ластавак, або калі бачылі-чулі што гэта пачыналі рабіць іх сіблінгі побач. Крычалі яны кожны раз вельмі падобна і кожны раз так, што было бачна - як мінімум сёння іх ніхто яшчэ не карміў))) Толькі па меры набліжэння ежы рот раскрываўся трошкі больш, чым раней, хаця здавалася, што больш раскрыць яго немагчыма)
Хто ў гэты раз атрымае порцыю насякомых было важна не толькі для птушанят, але і для мяне, бо каб зняць гэты момант мне трэба было ўгадаць шчасліўчыка і загадзя трымаць яго ў фокусе камеры. Атрымлівалася гэта не вельмі часта, тым больш часам бацькі двойчы запар кармілі тое ж птушаня)
Даволі хутка аказалася, што мала быць шчасліўчыкам, каб атрымаць ежу. Дарослая ластаўка, якая прыносіла яе і старалася ўкласці ў рот патомку, не магла на хуткасці эфектыўна завіснуць на адным месцы і таму , каб затрымацца і потым ляцець далей, выстаўляла ногі і ўпіралася або ў грудзь, або ў спіну малога. І каб не зваліцца і ўтрымацца на прысадзе, птушанятам трэба было моцна трымацца за яе. Ну і своечасова максімальна адкрыць і закрыць рот (каб нічога з укладзенага бацькамі не вываліся, ці каб вывалілася не ўсё))
Зразумела, што усяму гэтаму прыходзілася хутка вучыцца, хаця адкрываць-закрываць рот малыя яўна трэніраваліся яшчэ ў гнязде.
Гродна, 03-07-2022
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
Apus - 08.08.2022 - 16:16
Захапляльная серыя!
Захапляльная серыя!
Harrier - 08.08.2022 - 21:55
Вялікі дзякуй!
Вялікі дзякуй!