Сонца ярка свяціла праз чарговы кароткі, але моцны ліпеньскі дождж. Выбару не было - я раскрыў парасон, але камеру не схаваў у заплечнік і няспешна йшоў над берагам ракі. Нават праз шум дажджу праз дарогу у лініі невысокіх, але густых клёнаў я пачуў незразумелыя гукі, якія паўтараліся. Найбольш яны нагадвалі мне пазыўку нейкіх маладых насеннеядных птушак, якія выпрошчаваюць ежу ў бацькоў. Было бачна, што птушкі гэтыя перамяшчаюцца сярод лісця, пералятаюць з дрэва на дрэва, але прасветаў паміж лісцем розных клёнаў не было і разгледзець хто гэта ў мяне не атрымлівалася. Ды яшчэ і дождж перашкаджаў.
І вось калі дождж амаль скончыўся і я амаль сам здагадаўся хто гэта ў клёнах, чорнагаловыя шчыгелы (Carduelis carduelis), мінімум двое дарослых птушак, сталі вылятаць з кроны і сядаць зверху яе. І тут адбылося самае цікавае. Хаця я і раней бачыў, як розныя птушкі пьюць воду на дрэвах, менавіта такі спосаб бачыў упершыню. Шчыгел апусціў дзюбу ў ліст клёна з паднятымі ўверх краямі, у які як ў талерачку з няроўнымі краямі дождж наліў нейкую колькасць вады. Хутчэй за ўсё шчыгел не разлічыў і апусціў дзюбу заглыбока, вада трапіла ў ноздры. Ён рэзка падняў галаву і пырснуў ёй ва ўсе бакі (гл. здымкі ніжэй)!
Далей усе пералёты паміж клёнамі адбываліся амаль выключна па іх вяршалінам, але які ў гэтым быў сэнс, я не зразумеў як і тое, што шчыгелы рабілі раней унутры лістоты калі заставаліся нябачнымі для мяне.
Адзінае, лагічнае для мяне тлумачэнне было ў тым, што птушкі маглі тут шукаць месца для наступнай спробы гнездавання. Але і гэтая гіпотэза праз хвіліну апынулася пад вялікім сумневам. Бо з высокіх, няскошаных раслін з насеннем на беразе Нёмана з-за мяне ўзляцела не пара, а тройка шчыгелаў, якая туды перамясцілася пасля таго, як яны наведалі апошні клён у шэрагу дрэваў.
Гродна, 10-07-2026
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 12.07.2026 - 22:28
Цікавае назіранне. Добрыя…
Цікавае назіранне. Добрыя фоткі. Птушкі прывыкаюць да вызначанага месца вадапою. У парку на дарожцы ямка. Пасля дажджу там доўга трымаецца лужына. Вось сюды і прылятаюць 5-6 відаў птушак здаволіць смагу. На агародзе 2 бочкі з вадой. І сюды ўвесь час прылятаюць птушкі папіць вадзічкі...