Еўропа ў пагоні за птушкамі

    “Гонка за птушкамі” – так перакладаецца Birdrace – назва гэтых своеасаблівых спаборніцтваў з англійскай мовы. І хаця ў большасці краін слова выкарыстоўваецца без перакладу, часам ужываюць сінонімы: Birdrally, Bird або Ornithological marathon (Птушыны ці Арніталагічны марафон). 
Калі і ў якой краіне нарадзілася ідэя правядзення камандных назіранняў за птушкамі на працягу нейкага пазначанага часу, знайсці пакуль не атрымалася. Аднак у Еўропе ўжо ў 1980-я гады гонкі праводзілі ў розных рэгіёнах Вялікабрытаніі і Швецыі. Дарэчы, у апошняй яны былі самымі разнастайнымі па працягласці: 9, 12 і 24-х гадзінныя. Менавіта сябры Шведскага Арніталагічнага Таварыства (SOF) (а таксама і АПБ) Ленарт Карлсан і Хокан Ёртман прывезлі ідэю правядзення падобных спаборніцтваў і асноўныя іх правілы ў Беларусь.

Рэгіянальныя асаблівасці

    Звычайна спаборніцтвы праводзяцца ў канцы вясны або лета, пад час міграцыі, калі ўдзельнікі маюць больш шанцаў адзначыць шмат розных відаў птушак. Але па меншай меры ў Англіі і Фінляндыі вядомыя і рэгіянальныя зімовыя “гонкі”, на якіх каманды звычайна рэгіструюць не менш 100 відаў.
    Найбольш распаўсюджаныя 24-х гадзінныя спаборніцтвы. У Вялікабрытаніі каманды складаюцца з 3-4 чалавек, а від залічваецца, калі яго бачылі ці чулі не менш за трох удзельнікаў. Зрэдку могуць удзельнічаць каманды з 2-х чалавек. Час правядзення: з 18.00 суботы да 18.00 нядзелі ў сярэдзіне траўня, а таксама ў жніўні. Лакальныя бёдрэйсы праводзяцца ў Ланкашыры (Англія) штогод з 1995 г. Часцей ў красавіку, зрэдку – у траўні ці нават у чэрвені з поўначы да поўначы. Рэкорд быў пастаўлены ў канцы красавіка ў 2006 годзе - адна з каманд адзначыла 133 віды. У Шатландыі 24-х гадзінны бёдрэйс праводзіцца штогод у пачатку сакавіка, звычайна спісы камандаў складаюцца прыкладна са 100 відаў. Арганізуе і забяспечвае каманды транспартам і маршрутамі адзін з мясцовых гатэляў, які зарабляе на гэтым немалыя грошы.
    У Швейцарыі “гонкі за птушкамі” адбываюцца ў канцы жніўня – пачатку верасня з 1990 г. Ў 2006 удзельнічала 11 каманд, у 2007 – 13. Цікава, што адна і тая ж каманда перамагала са 125 відамі ў 2006-07 гг. Сярод 17 каманд пад час апошняй “гонкі” 06.09.2008 перамагла з тым жа вынікам – 125 відаў, але ўжо іншая каманда.
    У Фінляндыі Bird Marathon у гэтым годзе прайшоў 6 чэрвеня. Перад пачаткам каманды павінны былі выбраць яго фармат: 18 ці 24 гадзіны. Каманды складаюцца з 2-5 чалавек, узрост удзельнікаў не важны. Каб від быў залічаны, яго павінны пазнаць (убачыць альбо пачуць) 2/3 каманды. Пад час спаборніцтваў нельга наведваць з мэтай залічыць новы від вядомыя гнёзды вялікіх драпежнікаў – арлоў, арланаў, соў. У гэтай краіне кожны травень праводзіцца і вялікая колькасць рэгіянальных спаборніцтваў, сярод якіх і самыя працяглыя – 25 гадзінныя птушыныя раллі ў Паўночнай Ботніі.
    У сталіцы Ірландыі Дубліне ў пачатку студзеня штогод праходзяць гарадскія бёдрэйсы. Ў гэта цяжка верыцца, аднак у мінулым годзе каманды ў межах горада здолелі адзначыць 120 відаў птушак, а каманда-пераможца мела ў сваім спісе ажно 105 відаў!
    У Даніі час назіранняў падобны на беларускі фармат – 9 гадзін, толькі спаборнічаюць каманды ў канцы траўня і з 5 да 14.00. Ў 2008 годзе за птушкамі ганялася 47 каманд. Акрамя травеньскіх гонак, ёсць яшчэ і штогадовыя ў кастрычніку. 
   У Венгрыі асобна для дарослых і юніёраў пачынаючы з 2000 г. праводзяць 12-ці гадзінныя бёдрэйсы.
Нягледзячы на нядаўнюю гісторыю (першая гонка стартавала толькі ў 2004 годзе), самымі масавымі застаюцца 24-х гадзінныя спаборніцтвы, якія праводзяцца па ўсёй краіне ў ФРГ. У апошнім раллі, якое адбылося ў траўні гэтага года, удзельнічала 116 каманд, прычым, прыкладна пятую частку ўдзельнікаў складалі жанчыны!
    У Аўстрыі першы Бёдрэйс прайшоў у чэрвені 2005 года, удзельнічала ў ім 11 каманд па 2-4 чалавекі ў кожнай. Перамагла каманда, якая адзначыла 77 відаў птушак. У гэтым годзе ў 24-гадзінным марафоне спаборнічалі ўжо 42 каманды. Разам яны адзначылі 205 відаў, а каманда-пераможца – 128 з іх.  
    Нетыповы 10-гадзінны фармат маюць “птушыныя раллі” ў Літве. У склад каманд у гэтай краіне, што таксама нетыпова, ды і не зусім зразумела, можа уваходзіць ад 2 да 7 чалавек. Пачынаюцца і заканчваюцца гэтыя спаборніцтвы недалёка ад арніталагічнай станцыі Вентас Рагас, якую заснаваў у 1929 годзе наш зямляк, акадэмік Тадэвуш Іваноўскі. Ў апошнім раллі, якое адбылося ў канцы кастрычніка мінулага года, у адной з каманд удзельнічаў і беларус. Рэгістраваліся толькі віды, адзначаныя не менш як двума назіральнікамі. Перамагла фінская каманда, якая зарэгістравала 102 віды птушак.
     З 1990-х гадоў праводзяцца арніталагічныя марафоны ў Каталоніі, а з 2002 года гэтыя спаборніцтвы пачалі штогод праходзіць у сярэдзіне альбо ў канцы красавіка па ўсёй Іспаніі. Менавіта каталонская каманда ў мінулым годзе паставіла еўрапейскі рэкорд, адзначыўшы за суткі 217 відаў птушак! Цікава, што на тых жа спаборніцтвах іншая каманда на Канарскіх астравах здолела знайсці толькі 37 відаў. 
    А вось у Расіі бёдрэйс ўпершыню адбыўся гэтай восенню ў Падмаскоўі.  
    Шмат дзе напярэдадні і пад час “гонак за птушкамі” збіраюцца ахвяраванні на іх вывучэнне і ахову. Таму такія спаборніцтвы, акрамя вялікага задавальнення ўдзельнікам, прыносяць пэўную карысць і птушкам. А ў некаторых краінах па дадзеных назіранняў з гонак нават пішуць навуковыя артыкулы, ў якіх аналізуюцца змены ў характары міграцыі розных відаў, а таксама абмяркоўваюцца іншыя цікавыя назіранні.

Іншыя спаборніцтвы
    У многіх краінах у найбольш цікавых месцах для назірання птушак будуюць спецыяльныя назіральныя вежы. Менавіта паміж камандамі, якія знаходзяцца на такіх пабудовах і праводзяцца 
   “Бітвы вежаў”. Першыя такія спаборніцтвы адбыліся ў 1991 годзе ў Фінляндыі, і праз нейкі час сталі папулярнымі і ў іншых краінах Еўропы.
     У Латвіі першая “Бітва вежаў” была арганізавана ў 2002 годзе, ў ёй прынялі ўдзел 3 каманды, якія назіралі птушак з вежаў на ўзбярэжжах трох розных азёр. Тады каманда пераможцаў у канцы траўня за 24 гадзіны назірала 77 відаў птушак. У 2005 годзе ў спаборніцтвах прынялі ўдзел ужо 7 каманд. Перамагла каманда, якая адзначыла 83 віды птушак.
     Правілы: У камандзе павінна быць 3 або 4 ўдзельнікі. Від залічваецца, калі яго ўбачылі/пачулі 3 сябры каманды. Нельга выкарыстоўваць ніякіх прыстасаванняў для прыцягвання ўвагі птушак. Рэгістраваць віды можна было толькі з вежы. Цікава, што любы чалавек можа наведаць адну з каманд і задаць пытанні наконт спаборніцтваў і ўвогуле пра птушак. 
     У гэтым годзе ў Швецыі праводзіўся юбілейны 10-ты нацыянальны чэмпіянат па назіранням птушак з ўласных падворкаў (yard birding). Пад час спаборніцтваў, якія пачынаюцца штогод 1 верасня, трэба зарэгістраваць як мага больш птушак, знаходзячыся на ўласным падворку 24 гадзіны. У гэтым чэмпіянаце штогод спаборнічаюць каля 100 ўдзельнікаў прыкладна з 70 сядзіб. Падворкі, з якіх назіраюцца птушкі, знаходзяцца ва ўсіх частках Швецыі: ад самага поўдня да самай поўначы. Але звычайна перамагаюць назіральнікі, якія жывуць на вялікіх астравах у Балтыйскім моры: Эланд і Готланд, або на заходнім ўзбярэжжы Швецыі, дзе шансы адзначыць мігрыруючых птушак найбольшыя. Цікава, што адзін з бёдуотчараў набыў на востраве Эланд ва ўласнае карыстанне … маяк! З гэтага месца за некалькі гадоў ён адзначыў больш за 260 відаў птушак. Пад час спаборніцтваў у 2007 годзе гэты назіральнік за птушкамі ўстанавіў новы рэкорд – адзначыў за суткі 109 відаў! Акрамя гэтага амаль фантастычнага выніку, ён паправіў яшчэ адзін вынік для Швецыі – з аднаго месца (big sit birding) назіраў 108 відаў птушак.
     У Беларусі “гонкі за птушкамі” пачалі праводзіцца з 2004 года. У нас яны маюць назву “Нацыянальны чэмпіянат па спартыўнай арніталогіі”. Правілы чэмпіянату ў параўнанніі з іншымі еўрапейскімі спаборніцтвамі больш жорсткія. Удзельнікам даецца толькі 9 гадзін і від павінен убачыць альбо пачуць кожны з чатырох чальцоў каманды. 
На дадзены момант у нас прайшло пяць чэмпіянатаў. Штогод у спаборніцтвах выступала ад 8 да 16 каманд. Але толькі дзесятак чалавек прынялі ўдзел ва ўсіх пяці марафонах. Тройчы пераможцамі станавіліся Андрэй Абрамчук, Сяргей Абрамчук, Вадзім Пракапчук і Дзяніс Кіцель з брэсцкай каманды “Peregrinus”. 
    З кожным годам перамагчы ў птушынай гонцы становіцца ўсё цяжэй. Калі ў 2004 г. для перамогі было дастаткова пабачыць 88 відаў, то ў астатнія два гады нават пабачыўшым 100 і больш відаў не гарантавалася першае месца. Удзельнікі сталі больш вопытнымі, яны загадзя распрацоўваюць свае арыгінальныя тактыкі спаборніцтва, больш дасканала вывучаюць тэрыторыю дзе пройдзе іх маршрут, праводзяць своеасаблівыя трэніроўкі – назіранні напярэдадні чэмпіянату, каб пабачыць дзе і якія віды сустракаюцца.  
    Беларускі чэмпіянат з’яўляецца адкрытым. Гэта значыць, што ў ім могуць прыняць удзел таксама і грамадзяне іншых краін. За пяць гадоў у склад каманд уваходзілі прадстаўнікі Швецыі, Вялікабрытаніі, Літвы і Фінляндыі. Як ужо згадвалася, у нас “гонкі за птушкамі” пачалі праводзіцца дзякуючы намаганням менавіта шведаў. Шведскія назіральнікі Ленарт Карлсан і Хокан Ёртман удзел у беларускім раллі прымаюць штогод; змешаная беларуска-шведская каманда “Dreamteam”, у склад якой яны ўваходзяць, неаднойчы станавілася прызёрам, не дабіраючы да першага месца літаральна пару відаў. 
    Традыцыйна для перамяшчэння каманды выкарыстоўваюць аўтамабілі. Але ёсць і выключэнні. У 2006 г. каманда “Гораздо” з Барысава пераязджала па маршруце на веласіпедах. Каманды “Слуцкія саловушкі” (г. Слуцк), “Alcedo” (г. Гомель) і “Водар” (г. Магілёў) выступалі пеша. Але ж каманды на аўтамабілях маюць перавагу, таму што гэта эканоміць час для перамяшчэння паміж рознымі біятопамі і шанцаў пабачыць розныя відаы становіцца больш. Увогуле, аналізуючы праведзеныя ў нас чэмпіянаты, зараз ужо можна ўпэўнена сцвярджаць, што мы без сораму зможам выставіць адну-дзве каманды для выступленняў на еўрапейскім узроўні.

За дапамогу ў стварэнні артыкула дзякуем Дзьмітрыя Бойка (Латвія), Хокана Ёртмана (Håkan Örtman) (Швецыя) і Аляксандра Вінчэўскага.

Дзьмітры Вінчэўскі, Сямён Левы.