Самастойнае жыццё птушанят не азначае для ніх канец навучання. І за гэтым мне пашчасціла назіраць дзякуючы маладому малому грычуну (Lanius collurio), які не так даўно пачаў абыходзіцца без бацькоўскай дапамогі.
Гэты грычун злятаў уніз, а збоку выглядала, што 'падаў' у высокую траву, прыкладна кожныя 2-3 хвіліны і прыкладна кожны 2-3 раз вяртаўся на тую ж ці часцей іншую прысаду з невялікай здабычай - рознымі невялікімі насякомымі. Першае, што мяне здзівіла - ён не зусім звычайна для грычуноў выбіраў прысады для палявання, бо ўсе яны былі невысокія і знаходзіліся прыкладна ў сярэдзіне густых кустоў вярбы, а не на іх вяршалінах - як рабілі бы дарослыя птушкі. Такую тактыку я магу зразумець, бо хутчэй за ўсё значна меншая вышыня прысады ў маладой птушкі яўна змяншае магчымы эфектыўны агляд тэрыторыі навокал, але дазваляе хутчэй рэагаваць на здабычу калі яе заўважыў - бо адлегласць да яе меншая. Гэта можа быць некрытычна для дарослых і больш увішных дарослых грычуноў, якія могуць лавіць не толькі насякомых на паверхні, але і ў паветры, але можа быць вельмі важна для моладзі, якая толькі вучыцца паляваць.
Але самае вялікае здзіўленне я атрымаў на самым пачатку назіранняў за гэтай маладой птушкай: пасля свайго першага прызямлення ў расліннасць трошкі збоку ад куста вярбы, ён выляцеў з асой у дзюбе і праз некалькі секунд без праблем праглынуў яе! Справа ў тым, што небяпечныя для іншых насякомыя - такія як восы, маюць спецыяльную яркую афарбоўку, якая здалёк папярэджвае патэнцыйных драпежнікаў, што лавіць іх не трэба. Але ўсё роўна знаходзяцца ахвотныя пакаштаваць іх і амаль заўсёды гэта (акрамя спецыялізаваных 'ворагаў', якія іх зусім не баяцца - асаеда і шчуркі-пчалаедкі) маладыя і недасведчаныя птушкі. Бо праз нейкі час прыходзіць разуменне, што восы больна джаляць і лавіць іх не варта.
Гэтая ж аса не паспела ўджаліць грычуна, таму навучанне на каго яму паляваць, а на каго - не, яўна яшчэ наперадзе)
Бераг Нёмана ў Гродна, 21-08-2022
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ