Я сядзеў на высокім беразе нешырокага прытоку Нёмана, рэчкі Гараднічанкі і амаль як раз насупраць мяне на адну з тоўстых вербаў сталі прылятаць палявыя вераб'і (Passer montanus) то па аднаму, а то ўдвух. Спачатку я не звяртаў на іх ўвагу, але хутка заўважыў, што паводзяць яны сябе дзіўнавата як на вераб'ёў. Бо адна з птушак штораз старалася дабрацца да крайніх лістоў на тонкіх галінках вярбы. І рабіла гэта неяк нязграбна, з нейкім заўважным высілкам.
Бо завісаць у паветры - як гэта часта робяць сінічкі, не завісала, але часта прыходзілася вісець уніз галавой, трымаючыся нагамі за лісты і галінкі вышэй. Праз некалькі секунд птушка адлятала, а праз якую хвіліну вярталася і падобныя нумары, якія цяжка назваць акрабатычнымі, паўтараліся ў новых месцах на той жа вярбе. Хутка я зразумеў што адбываецца: аказалася, што птушка такім чынам збірае на лісці вярбы дробную зялёную тлю. Набірае ў дзюбу столькі, колькі атрымліваецца пакуль можа вісець уніз галавой, адлятае са здабычай на гняздо карміць птушанят, там хутка раздае прынесенае і вяртаецца за новай порцыяй.
А што ж другі верабей, які і прылятаў не кожны раз? Аказалася, што гэта нешта накшталт суправаджэння ці аховы, бо адна з двух птушак нічога не збірала і калі адлятала на нейкі час разам з першай, то яўна пустой.
На другі дзень усё паўтарылася, хаця, магчыма, і з вераб'ямі з іншай пары, бо трошкі ў іншым месцы на беразе Гараднічанкі. Хутчэй за ўсё далёка не ўсе вераб'і зразумелі, як ім дабрацца да тлі і не выкарыстоўвалі яўна цяжкадаступную для іх, але выдатную для птушанят жывёльную ежу з раслінным сокам унутры.
Гродна, 24 і 25-05-2023
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ