Была позняя зімовая раніца, калі шэрая варона (Сorvus (corone) cornix) паказалася ў пляжа з грэцкім арэхам у дзюбе. Спачатку яна паспрабавала адкрыць арэх на амаль гарызантальнай галіне на бліжэйшым дрэве. Чаму многія птушкі стараюцца не толькі адкрыць, але і з'есці арэх на дрэвах, я падрабязна пісаў ТУТ. Але нічога ў вароны там не атрымалася і яна зляцела з дрэва з арэхам і прыкладна з вышыні метраў у 5 скінула яго на асфальт. У адрозненне ад папярэдняга разу, калі я ў тым самым месцы назіраў падобную сытуацыю, арэх раскалоўся на дзве паловы.
Варона даволі хутка, акуратна адламваючы дзюбай кавалкі, з'ела змесціва адной палавінкі арэха і падыйшла да другой, якая ляжала недалёка ад першай і побач з газонам. Тут яна на некалькі секунд задумалася і далей адбылося тое, чаго я не чакаў і раней не бачыў: птушка ўзяла палавінку арэха ў дзюбу, адыйшла некалькі крокаў ад края газона, палажыла яе ў невялікую ямку і прыкрыла зверху вялікім лістом!
Для мяне гэта быў шок. Па першае, раней птушкі або цалкам з'ядалі змесціва арэха, або хавалі цэлы арэх. Я і не думаў, што ёсць яшчэ нейкая іншая опцыя. Па другое, гэта была зімовая раніца, а птушка адмовіла сабе ў каларыйнай і ўжо гатовай для спажывання ежы, хаця і з'ела яе палову. Або ўжо была негалоднай, або мела нейкую мэту, з якой і прыхавала палову арэха. І толькі пазней у мяне з'явілася спекулятыўная здагадка - якой магла б быць гэтая мэта.
Я падумаў пра гэтую сытуацыю з пункту гледжання чалавека і атрымалася, што чалавек мог бы так зрабіць - заставіць палову сваёй порцыі - або для свайго дзіця, або для свайго партнёра ці партнёркі. Зразумела, што наўрацці ў варон можа праяўляцца такая моцная патрэба накарміць ужо дарослых птушанят узімку нават каб яны і былі недзе побач. А вось другі варыянт тэарэтычна магчымы, тым больш пары ў варон часта застаюцца нязменнымі на некалькі сезонаў гнездавання і трымаюцца разам і зімой. І гэта б мела сэнс для падтрымання добрых узаемаадносін у пары.
Але сапраўдная прычына прыхаванай палавінкі арэха засталася невядомай. А на апошнім здымку - схованка вароны - арэх пад лістом.
Гродна, 25-01-2023
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ