У сапраўдную і несапраўдную (цёплую) зіму шэрыя вароны (Corvus corone cornix) шмат часу праводзяць ля ракі. Не толькі купаюцца, але і шукаюць ежу. І вось я бачу хаця і параўнальна рэдкую, але знаёмую карціну - варона на беразе недалёка ад вады спрабуе адкрыць бяззубку (Anodonta sp.), каб з'есці яе.
Пераварачвае малюска і так, і гэтак, даганяе, калі ён 'уцякае' па льду, засоўвае палавінку дзюбы ў прыадкрытую шчыліну, але акрамя некалькіх невялікіх кавалкаў, нічога больш за 5-6 хвілін з пачатку маіх назіранняў за ёй дастаць з ракавіны ў птушкі так і не атрымліваецца. Я са здзіўленнем назіраю за гэтым і чакаю калі ж варона прынясе бяззубку сюды, на набярэжную і кіне на плітку, каб разбіць ракавіну малюска і дабрацца да вялікай мышцы. Гэта ж участак берага, на якім як мінімум сям’я варон умее гэта рабіць і час ад часу робіць, а магчыма (хутчэй за ўсё) навучыліся ўскрываць бяззубак і іх патомкі.
Але нічога падобнага не адбываецца і ў рэшце рэшт я разумею ў чым прычына - варона пачынае крычаць, параўнальна шырока раскрываючы дзюбу і 'выдае' свой узрост. Рот унутры чырвоны, як у птушанят і маладых варон, а не цёмна-шэры ці чорны як у дарослых. Таму гэта яўна не дарослая птушка з мясцовай пары, якая ўмее разбіваць бяззубак і хутчэй за ўсё не іх птушанё з мінулага году, а нейкая іншая, якая апынулася на іх гнездавой тэрыторыі, але так і не змагла скарыстацца ёй як магла б.
Нёман у Гродна, 20-02-2025
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
На гэтую тэму:
Шэрая варона-гурманка і дзве бяззубкі за раз
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 28.02.2025 - 19:10
Калі паназірае за больш…
Калі паназірае за больш вопытным варонамi, то навучыцца адчыняць розных малюскаў, і навучыць сваё патомства.
Добрая серыя дакументальных здымкаў.