Тое, што некаторыя з вялікіх белых чапляў (Egretta alba) ужо выкарыстоўваюць вадацёкі і вадаёмы ў 'нашых' гарадах, можа і не павінна асабліва здзіўляць, але здзіўляе. На Нёмане паміж т.зв. старым і новым мастамі ў Гродна я на прыканцы лета налічыў іх пяць, але гэта мінімум, - столькі бачыў адначасова.
Калі пра некаторыя прыгоды чапляў бліжэй да старога маста я ўжо расказваў ТУТ, то на востраве і касе ля новага маста, яшчэ не. Зразумела, што ў абодвух месцах былі хутчэй за ўсё тыя ж самыя птушкі, але паводзілі яны сябе інакш.
Я назіраў за імі на востраве і касе перад ім каля гадзіны, і толькі адна чапля з пяці актыўна палявала па яго краю, але адбывалася гэта бліжэй супрацьлеглага берагу і калі я выбраў месца для здымак насупраць сярэдзіны вострава, я перастаў яе бачыць. Час быў добра пасля абеду і за папярэднія гадзіны яўна большасць з птушак ужо паспела добра пад'есці) Другая чапля амаль адразу адляцела ўверх па плыні, трэцяя ўсю гадзіну прасядзела высока на дрэве - наводзіла марафет у апярэнні. Дзве ж пазасталыя, здавалася, займаліся 'важнай справай' - вызначалі хто з іх 'кароль гары'. Адна з іх выбрала самы вялікі камень на касе, і працяглы час старалася яго не пакідаць. Праблема, аднак, была ў тым, што зусім недалёка, амаль побач, быў хаця і меншы памерамі, але такой жа вышыні іншы камень. На яго і стала другая чапля пасля пачатку 'гульні'.
Праганяць адна адну са сваіх месцаў стала безсэнсоўна - гэта нічога б не памяняла ў вышыні месца для адпачынку. Тады чаплі пачалі час час часу выцягваць шыю, і сапраўды, станавіліся яўна вышэйшымі, ці, наадварот, прыціскалі, складваючы, да цела і тады пачыналі выглядаць настолькі драбнейшымі за суседку, што здаваліся іншым, меншым відам. Аднак і гэта параўнальна хутка, здаецца, ім надакучыла і спачатку яны пачалі пазяхаць, шырока адкрываючы дзюбу, а потым адна з іх пайшла гуляць па касе. Хутка да яе далучылася і другая. Бо які сэнс стаяць найвышэй, калі ніхто з супернікаў на цябе не глядзіць і не можа прызнаць твой поспех?
На касе чаплі сталі зусім блізка адна ад адной і ў такім становішчы я іх заставіў.
Нёман у Гродна, 25-08-2022
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ