Добра вядома, што вялікія галубы (Columba palumbus) у нашых паселішчах могуць - і гняздуюць - нават да позняй восені, а гэта значыць, што і па 3 разы за сезон.
Таму я не здзівіўся, калі ўбачыў у зусім невялікім скверыку каля наша дома вялікага галуба, які падняў у дзюбе невялікую галінку - яўна для будаўніцтва гнязда. Але пакуль я чакаў куды ж птушка панясе гнездавы матэрыял, голуб кінуў тую галінку на зямлю і пачаў час ад часу абрываць зялёныя часткі невысокіх раслін у скверыку, няспешна гуляючы навокал. Людзей ён не баяўся і таму здымаць яго не было для мяне праблемай. І вось праз 5 хвілін птушка вярнулася ў тое месца, дзе падняла і кінула галінку 'для гнязда' і зноў знайшла яе)
Зразумела, што голуб ізноў падняў яе, пачаў узважваць, трымаючы ў дзюбе, ці яна пасуе для гнязда і калі праз некалькі секунд вырашыў, што так, узляцеў з ёй у дзюбе. Я ўжо чакаў, што наўрацці ўбачу дзе скончыцца палёт да гнязда, але памыліўся. Птушка ўзляцела амаль вертыкальна ўверх і прызямлілася на бліжэйшай да яго і мяне вярбе. Калі я абыйшоў вярбу і адыйшоў некалькі крокаў назад, каб бачыць усё дрэва, то аказалася, што гняздо і праўда знаходзіцца на ёй на вышыні каля 3,5-4 метраў і на ім сядзіць другі голуб. Першы ж яўна прымацаваў прынесеную галінку да зусім несаліднай пабудовы і ўжо пераляцеў вышэй.
Негледзячы на невялікую вышыню і адсутнасць маскіроўкі, абодвух птушак было цяжка заўважыць на дрэве калі не прылядацца, ведаючы што яны там. Задаволены тым, што я стаў сведкам яўнага пачатку новага гнездавання гэтай пары, я ўжорадаваўся што змагу адсачыць яго наступныя этапы. Увечары птушкі сядзелі амаль на тых жа месцах - адна на гняздзе, другая вышэй на бакавой галіне вярбы. Але на заўтра зранку рэшткі гнязда былі ўжо пустыя - галубы яго кінулі. Ні цэлых, ні рэштак яек (кавалкаў шкарлупіння) на зямлі пад дрэвам я не заўважыў, таму або яны былі цалкам з'едзеныя драпежнікам, або яек яшчэ не было.
Гродна, 03-07-2024
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ