Пад час непрацяглай марознай часткі зімы, калі вялікіх савукоў (Mergus merganser) можна было без праблем назіраць на Нёмане ў цэнтры гораду, наступіла студзеньская адліга (што фактычна аксюмарон) і птушкі, прынамсі на гэтай частцы ракі, 'прапалі'. Прапалі, канешне, не зусім: час ад часу я бачыў іх палёт то ўверх, то ўніз па плыні, але ні назіраць, ні тым больш сфатаграфаваць іх ужо не было магчымасці.
І вось разам з каляндарнай вясной параўнальна недалёка ад т.зв. старога маста з'явілася пара савукоў, якіх я там цяпер бачу амаль штодня. Вельмі магчыма, што яны засталіся тут каб загнездаваць або ў старой бабровай нары, або ў адным з нешматлікіх у горадзе дупел адпаведнага памеру - калі знойдуць падыходзячае месца і самка будзе гатова да адкладкі яек.
А зараз я назіраў за тым, як партнёры выпрабоўваюць адно аднаго ў розных сытуацыях, а калі больш дакладна - як самка выпрабоўвае самца. Не кожны раз, але часта я бачу, як самка трымаецца нашага берагу і нырае = рыбачыць вельмі блізка ад яго. Самец жа яўна пабойваецца знаходзіцца так блізка ад набярэжнай і людзей на ёй, але не адлятае, бо ў такім выпадку самка засталася б у патэнцыйна небяспечным месцы сама. А тады навошта ён ёй патрэбны?
І самец, хаця таксама ныраў тут, але ўсё ж на 5-10 метраў далей ад берагу, чым самка. А адным ранкам, калі пара трымалася зусім блізка ад берагу за вербалозам, ён на працягу 10 хвілін не нырныў ні разу, проста трымаўся каля самкі і назіраў за абстаноўкай навокал. А яна злавіла нешта невялікае - рыбку ці жабу, але праглынула так хутка, што вызначыць здабычу я не паспеў.
Не менш цікавым аказаўся і сённяшні выпадак: пад тым берагам самка вынырнула раней за самца і як быццам нечага спалохаўшыся, пабегла па вадзе, а потым паляцела. І калі самец вынырнуў, адлегласць паміж імі была ўжо некалькі метраў і хутка павялічвалася. Убачыўшы гэта, ён хутка разбегся па вадзе і паляцеў за сваёй абранніцай.
Хаця ад небяспекі савукам неабавязкова і адлятаць: некалькі разоў, калі я апынаўся - па іх меркаванні - заблізка, яны вынырвалі на адлегласці нават да 30 метраў ад папярэдняга месца.
Так што недзе паміж старым і новым мастамі месяцы праз 2 - 2,5 напэўна ізноў варта чакаць вывадак савукоў...
Нёман у Гродна, 06-09.03.2023
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
..............................................
Працяг ТУТ
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ