З пачатку году меў некалькі сустрэч (і па голасу, і візуальных) з зімародкамі (Alcedo atthis) на Нёмане і на Гараднічанцы. Але неяк не знаходзілася часу пастаяць у вусці гэтай рэчкі каб як і ў мінулым годзе, пафатаграфаваць гэтых цудоўных птушак.
Справа ў тым, што для здымкаў трэба, каб на намытых Гараднічанкай у Нёман косах не было рыбакоў і турыстаў + павінна пашанцаваць, каб менавіта ў гэты час хаця б адна птушка з пары прысела на мноства камянёў ці на будаўнічае смецце на косах - іншых прысадаў там няма.
І вось учора ўсе зоркі сышліся належным чынам і метраў за 30 да вусця я пачуў некалькі свістаў яўна не ад аднаго зімародка і вырашыў пачакаць - можа пашанцуе?
Самец (з цалкам чорнай дзюбай) выляцеў праз хвіліны 2, сеў спачатку на камень, а потым два разы пасля завісання нырнуў у ваду ў месцы 'выхада' вады з Гараднічанкі ў Нёман. Безвынікова і потым, атрэсваючыся, прысеў на адзін з блокаў трошкі далей.
Праз хвіліну самец ужо сядзеў на сухой галінцы на супрацьлеглым беразе Нёмана і я ледзьве знайшоў гэтае месца праз аб'ектыў камеры. Потым ён пераляцеў яшчэ вышэй - дакладна таксама ён зрабіў і на наступны дзень - сёння. Наўрацці нават такі "кароль рыбакоў" стаў бы ныраць за рыбай з такой вышыні! І праўда - праз нейкі час зляцеў і паляцеў як нармальны зімародак нізэнька , над самай вадой, у іншае месца). Больш яго я ўчора не дачакаўся, але сёння за гадзіну птушкі прыляталі і адляталі агулам 5 разоў.
Прычым усё амаль паўтарылася - і завісанне над вадой у выглядзе калібры з тоўстай дзюбай, і абсыханне-абтрасанне на адным з камянёў. А потым - любімая прысада на другім беразе.
Добры пачатак - паглядзім, што атрымаецца ўбачыць далей.
24-25.07.2020, Гродна
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
PS Можна пачаць глядзець здымкі з АПОШНЯГА і без папярэдніх падказак на іншых здымках і відэа паспрабаваць знайсці зімародка, які сядзіць на адной з сухіх галін на дрэве)
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ