Дакументацыйныя здымкі
Зіма сёлета ўсё ніяк не пачнецца, але можа гэта і добра (як мінімум) для некаторых птушак.
У самым яе пачатку, 03.12, я ўжо падыходзіў да дому, калі каля суседняга мільгануў знаёмы сілуэт і на адзін са слупкоў у некалькіх метрах ад мяне сеў ...самец рудахвосткі-чарнушкі (Phoenicurus ochruros)! Я пабег дахаты, узяў там фоцік і вярнуўся на тое ж месца, але птушкі там ужо не было і больш яе нідзе навокал не бачыў. Так распачаліся мае зімовыя назіранні за гэтым відам, бо гэтая першая мая сустрэча з рудахвосткай-чарнушкай мела працяг.
Дакладна праз 2 тыдні, 17.12 я заўважыў яшчэ аднаго самца, на гэты раз ён пералятаў у зарасцях чорнай бузіны і ясенелістнага клёна у агароджы былога піўзавода. Летам і нават увосень гэта б мяне не здзівіла, але гэтая, ужо другая рудахвостка-чарнушка за зіму стала прыемным адкрыццём. А ўсё таму, што хаця ў апошнія гады гэты від адзінкава рэгіструецца ў зімовы час у розных частках Беларусі, на захад ад нас яны застаюцца на зіму хаця і ў вельмі невялікай колькасці, але ўсё часцей. І назіраць на свае вочы падобную тэндэнцыю ў нас вельмі цікава.
Праблемай заставалася зрабіць прыстойныя здымкі гэтага самца і за тры наступныя сустрэчы, апошняя з якіх адбылася 29.12, я змог зрабіць гэта толькі аднойчы, 25.12.2024 зранку. Усё навокал было заліта сонцам, і рудахвостка-чарнушка перад старым мастом на агароджы не была выключэннем. Увогуле ж я яго бачыў на даволі вялікай як для такой невялікай птушкі тэрыторыі, паміж крайнімі кропкамі на якіх ён сядзеў, было не менш 250 метраў і знаходзіліся яны па абодва бакі старога маста. Летам тут гнездавалі тры пары, прынамсі спявалі тры розныя самцы, зразумела, калі ўлічваць наш бок старага маста і будынкі былога піўзавода.
Паводзіла сябе птушка вельмі падобна на іншыя сезоны - назірала за наваколлем з невысокай прысады і саскоквала ў невысокую траву або на зямлю за нечым невялікім - насякомымі? Але адкуль яны маглі там узяцца, я не ведаю.
...І тут прыйшоў час успомніць іншую, амаль зімовую рэгістрацыю віда, якую зрабіў Сяргей Саковіч, мой студэнт-дыпломнік. У самым пачатку вясны 2012 году ён знайшоў, на жаль, мёртвага самца рудахвосткі-чарнушкі са зломанай лапай на сцежцы паміж невысокай забудовай амаль у цэнтры гораду. Былі невялікія маразы і колькі там ляжала птушка засталося невядомым, але выглядала яна свежай. Такая ранняя вясновая рэгістрацыя віда 12 гадоў таму выглядала дзіўнай і меркаванні падзяліліся: ці гэты самец зімаваў тут, ці так рана вярнуўся-прыляцеў? Сёння я хутчэй стаў бы на бок першых.
Гродна, 25-12-2024
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
-------------------------------------
PS Свае цікавыя зімовыя назіранні можна ў выглядзе каментароў пакідаць ТУТ і тады яны (таксама) трапяць ў нашу ўжо 14-ю Зімовую табліцу.
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ