Чацвёрты раз – усё цікавей і непрадказальней

13.09.2012 - 22:56 | Kiolk

    Гонка-2012 была для мяне чацвёртай. Кожная з папярэдніх адзначылася некалькімі найбольш цікавымі момантамі, сустрэчамі, якія, як каштоўныя фатаздымкі захоўваюцца ў памяці. Напярэдадні яны пракручваліся ў галаве і, наіўна думалася, што вось пройдземся тым жа маршрутам, апынемся ў тых жа мясцінах і  імгненні абавязкова паўторацца. Але на справе адбываецца ўсё больш цікава і непрадказальна.
     Мой настрой перад кожным чэмпіянатам не зусім адпавядае спартыўнаму: па-першае мне шчыра хочацца, каб усе мае знаёмыя ў складзе розных каманд дасягнулі лепшых вынікаў і сталі пераможцамі, бо яны, зразумела, больш гэтага вартыя; па-другое пра сябе думаецца: толькі б не быць апошнімі /тэндэнцыя прасочваецца/. Я ўраджваюся тым вынікам, якія дэманструюць каманды пераможцы. У гэты раз усе ўдзельнікі нашай каманды, як ніколі прыкладалі ўсе намаганні для дасягнення лепшых паказчыкаў. Мы, здавлася, ператварыліся ў адзіны арганізм з абзорам зроку на 360 ° па гарызанталі і 180° па вертыкалі. Усё, што пралятала, прабягала, сядзела, стаяла вызначалі  і,  здаецца,  нічога не прапускалі. Напрыканцы дня стомленасць нагадвала, што чэмпіянат насамрэч па спартыўнай арніталогіі. А вынік атрымалі сціплы. І ўсё ж хочацца думаць, што сярод відаў, адзначаных нашай камандай пад час спаборніцтваў ёсць такія, якім бы пазайздросцілі нават пераможцы. Мне хочацца падзяліцца тымі момантамі, якія захаваюцца ў памяці аб гэтай Гонцы.
     Ніколі я не бачыла чорнага бусла, які проста стаіць, заўсёды задзіраеш галаву, сочачы за яго высокім палётам, і тым больш у такой колькасці. І вось табе: больш за сорак чорных буслоў стаяць ўцягнуўшы галаву ў плечы. Быццам спраўляюць нейкі рытуал. Вакол чаплі, чайкі, качкі, а начале гэтай працэсіі, на невялікім аддаленні – арлан-белахвост. 

    Вяртаемся ад адной з сажалак рыбгаса паўз канаву і на адлегласці ў некалькі метраў заўважаем адпачываючую на галінцы дуба квакву. Нечаканая сустрэча, рэдкі выпадак пад час якога птушка дазволіла сябе добра разгледзець і нават сфатаграфаваць. Да  і сама птушка рэдкая.



Мне вельмі   складана вызначаць дробных птушак: яны на месцы не сядзяць, блізка не падпускаюць, сярод лісця і галля хаваюцца. А таму вельмі радуешся тым выпадкам, калі ўдаецца так добра павітацца.


Для мяне гэтыя спаборніцтвы гэта гонка за Ўдачай. Мы не дасягнулі лепшых колькасных вынікаў. Нашай удачай былі цікавыя сустрэчы з птушкамі.
 …І людзьмі. Пад час гэтага чэмпіяната мы набылі новага сябра, удзельніка нашай каманды, дадаўшага нам ведаў і  ўпэўненасці.
А на рыбгасе “Белае” прыемна была сустрэць знаёмых у складзе каманды “Merlin” /зналі б, што гэта будучыя чэмпіёны сфатаграфаваліся для гісторыі/.
                                                                                                                 Ірына Нефідовіч, “Прыпяцкі плёс”
 

Каментары

Выдатна і цёпла да птушак і каманд-супернікаў напісана. Таму, канешне, плюс. А за здымак кваквы асобны і яшчэ адзін вялікі ПЛЮС!

Гэты здымак бы ў Галерэю на фотаконкурс.