Гэта быў дзіўны дзень. Пачатак красавіка, выпаў снег і невялікі марозік трымаўся амаль да абеду.
Мы вярталіся з праверкі зуброў прыкладна праз гадзіну той самай дарогай, па якой прыехалі ў пойму спрамленай рэчкі Стрыеўкі, але тут ужо ўзараў прыкладна палову невялікага поля магутны трактар. А за трактарам, адразу за плугамі, бегалі белыя буслы (Ciconia ciconia)!
У гэтым не было б нічога незвычайнага, каб не факт, што яны зусім нядаўна вярнуліся з зімоўкі - на той час толькі адзінккавыя буслы і асобныя пары стаялі на гнёздах далёка навокал. Ну і тое, што адбылося ў наступныя прыкладна 20 хвілін таксама ўразіла.
А адбылося вось што:
Вельмі хутка збоку ад гэтага поля, якое з усіх бакоў, хаця і на рознай адлегласці, акружанае лесам, сталі кружыць іншыя белыя буслы. І не некалькі, а дзесяткі! Поле не праглядаецца здалёк і як яны даведаліся, ды яшчэ ў такой колькасці што тут адбываецца і куды трэба ляцець, для мяне загадка. ну і да таго ж гэта яўна мусілі быць буслы з вялікай плошчы, бо як я ужо пісаў раней, вярнулася іх на той дзень зусім няшмат.
Гэтая асноўная група прызямлілася і стала, як і першыя буслы, бегаць ці хадзіць за трактарам і лоўка выбіраць дажджавых чарвякоў ды пэўна лічынак насякомых, якія трактар зрабіў лёгкадаступнымі. Побач жа бегала і немалая чародка шпакоў, якія займаліся тым самым) Час ад часу да гэтай групы далучаліся і асобныя буслы, якія яўна прыляцелі здалёк. Максімальная колькасць птушак на поле склала 45 буслоў!
Але праз хвілін 10 сытуацыя пачала змяняцца. Трактар, не скончыўшы ўзворваць поле, пад'ехаў пад лес і стаў там. Можа ў трактарыста пачаўся абед, а можа ён не захацеў больш працаваць пад нашым назіраннем. І тут хутка здарылася нечаканае.
Буслы яшчэ хадзілі па ўзаранаму, у асноўным па самаму свежаму, а потым пачалі разбрадацца па ўсяму полі і некаторыя сталі адлятаць! Па аднаму-два-тры буслы уздымаліся і ляцелі напэўна туды, адкуль прыляцелі сюды. Хвілін праз пяць тут засталося толькі некалькі птушак - або самых галодных, або тых, што жывуць найбліжэй і спяшацца на свае тэрыторыі ім не мела сэнсу.
Халява з-пад трактара скончылася. Прыйшоў час шукаць або іншую, або спрабаваць знайсці нешта на замёрзлай паверхні без дапамогі. Адляцелі і шпакі.
06-04-2021, Гарадзеншчына
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
__________________________
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
arktous - 22.04.2021 - 23:25
Интересные картинки! Будто…
Интересные картинки! Будто кто-то свой косяк аистов выгнал пастись на поле. А почему нет вездесущих чаек?
Harrier - 23.04.2021 - 12:24
In reply to Интересные картинки! Будто… by arktous
Дзякуй! Чайкі не паспелі…
Дзякуй! Чайкі не паспелі знайсці гэтае поле, хаця км у 10 на азёрах там вялікая калонія чаек-рыбачак.
Ну і там вельмі блізка ёсць ферма па развядзенню амерыканскіх норак і круглы год трымаюцца пад сотню крумкачоў. Дык і яны не паспелі на фаст-фуд з-пад трактара, а можа і не надта хацелі.