Дакументацыйныя здымкі
Гэтым летам даволі высокая вада ў Нёмане, якая трымаецца да восені, напэўна не дае чаплям магчымасці выкарыстоўвываць некаторыя месцы на рацэ ў межах гораду, на якіх яны рыбачылі ў мінулыя гады. Аднак на прыканцы лета яны ўсё ж пачалі залятаць на вучастак ракі ў цэнтры гораду. І вось адной раніцай я яшчэ здалёк убачыў, як шэрая чапля (Ardea cinerea) ганяе над вадой вялікую белую (Egretta alba) і не дае ёй сесці у паварота ракі насупраць замкаў.
Вялікая белая чапля старалася трымацца вышэй шэрай і такім чынам не давала магчымасці апошняй да атакі - знізу ўверх асабліва не наатакуеш. Але калі белая зніжалася ў надзеі сесці недзе ля берага, шэрая хутка даганяла яе і тады ўсё пачыналася з пачатку - белая трымала адлегласць і вышыню. Чым усё скончылася я не змог убачыць, птушкі адляцелі за паварот Нёмана. Але ўвечары вырашыў праверыць раку за паваротам да т.зв. новага маста.
У вялікага вострава, які ўтварыўся ад наносаў ракі за шмат гадоў перад мастом, аказалася 3 вялікіх белых і 1 шэрая чаплі, якія не канфліктавалі паміж сабой і або адпачывалі і чысціліся, або рыбачылі на рознай, у дзесяткі і сотні метраў, адлегласці адна ад адной. Я паздымаў іх здалёк і вярнуўся дахаты. А ўжо ў хаце, калі праглядаў здымкі на маніторы кампутара, убачыў недалёка ад адной з вялікіх белых чапляў яшчэ і малую белую (E. garzetta), якую не бачыў калі здымаў у вострава - гл. апошняе фота.
Гэта другая мая сустрэча з гэтым відам у Беларусі. Першая адбылася амаль месяц таму троху вышэй па плыні Нёмана і таксама ў межах гораду - тады там праляцелі 3 птушкі. І гэтая малая белая чапля хутчэй за ўсё можа быць адной з той тройкі, але і так стала прыемным сюрпрызам для мяне і нечаканым вынікам ранішняй пагоні чапляў.
Гродна, 25-08-2024
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 02.09.2024 - 11:03
Пашанцавала вам убачыць…
Пашанцавала вам убачыць малую белую чаплю. Што значыць тэхніка. Не было б лічбавай камеры і кампутара, не змаглі б прагледзець так хутка фатаграфіі.
Harrier - 02.09.2024 - 16:41
Дзякуй! Так, гэта праўда.
Дзякуй! Так, гэта праўда.