Дакументацыйныя здымкі
Насупраць замкаў амаль па цэнтру Нёмана ёсць параўнальна плыткае месца, якое апошнія гады летам візуальна добра бачна не толькі па густой надводнай расліннасці, але і па камянях, якія тут выступаюць над паверхняй. Фактычна, гэта невялікі востраў, які і неглыбокую ваду вакол яго ахвотна выкарыстоўваюць для адпачынку і харчавання розныя віды птушак. Але не гэтым летам. Хаця расліннасць сёлета і паднялася там купінамі, але вада ў рацэ застаецца высокай і ніякага вострава да канца лета там не ўтварылася.
І вось на прыканцы жніўня я ўпершыню ўбачыў на адной з купін надводнай расліннасці ў гэтым месцы вялікую белую чаплю (Egretta alba), якая не толькі неяк ўтрымлівалася на ёй, але і разглядалася навокал. Выглядала гэта дзіўнавата, а яшчэ больш мяне ўразіў момант, калі чапля проста звалілася ў ваду з аднаго боку зялёнай купіны, а потым, праз секунды, зноў села на яе.
Аказалася, што птушка прываднілася на зусім не плыткай вадзе не проста так, а злавіла даволі вялікую рыбіну. І ўжо седзячы ізноў на расліннасці, з цяжкасцю праглынула яе. А потым, адпачнуўшы, паляцела ўніз па плыні ракі ў іншае месца. Усё маё назіранне за чапляй працягвалася толькі 9 хвілін.
Гродна, 27-08-2024
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 05.09.2024 - 08:51
Добры рыбак нават у…
Добры "рыбак" нават у нязручным месцы можа злавіць рыбу, галоўнае - жаданне і досвед.