Ну вось і выляцелі амаль самыя познія птушаняты сярод усіх нашых птушак. Гэта - рачныя крычкі (Sterna hirundo). Назіраю за імі апошнія дні і ўжо атрымалася нешта ўбачыць і зразумець, але многае яшчэ не.
Хаця малыя ўжо добра лятаюць, аднак умець лятаць і ўмець лавіць рыбу з завісання - усё ж 'рэчы' рознага ўзроўню. Таму яны пералятаюць з прысады на прысаду на рацэ і вучацца прасіць ежу ў дарослых так, каб тыя пакармілі.
Раней, недзе на касе, дзе яны вывяліся і жылі першыя тыдні, было проста - бацькі самі прыляталі з рыбкай і нават запіхвалі ў рот - трэба было трошкі пакрычаць, што галодны.
Зараз жа бацькі павінны цябе знайсці сярод мноства іншых крычак і чаек на рацэ. Таму і крычаць прыходзіцца вельмі часта, прычым усім дарослым крычкам, якія пралятаюць побач - як у гэтай серыі. А часам і маладым, а часам і чайкам - раптам хто з іх пакорміць?
Але пра гэта яшчэ будзе.
Нёман у Гродна, 05-08-2020
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ