Кожны здымак у галерэі нашага сайту з'яўляецца ўласнасцю аўтара, які яго размясціў (калі не ўказана іншае). Для камерцыйнага выкарыстання любога здымка або яго часткі неабходны пісьмовы дазвол аўтара.
Пры некамерцыйным выкарыстанні спасылка на аўтара і сайт абавязковыя. Звяртайцеся да рэдактара:dz.vincheuski@gmail.com па ўсіх пытаннях
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках, забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.

All these pictures are copyrighted by the authors. Please respect the time and effort spent in shooting them.
If you have any questions or comments, please let us know: dz.vincheuski@gmail.com

Чорнагаловыя шчыгелы: Загадка клёнаў і як папіць з ліста

чорнагаловы шчыгел

Сонца ярка свяціла праз чарговы кароткі, але моцны ліпеньскі дождж. Выбару не было - я раскрыў парасон, але камеру не схаваў у заплечнік і няспешна йшоў над берагам ракі. Нават праз шум дажджу праз дарогу у лініі невысокіх, але густых клёнаў я пачуў незразумелыя гукі, якія паўтараліся. Найбольш яны нагадвалі мне пазыўку нейкіх маладых насеннеядных птушак, якія выпрошчаваюць ежу ў бацькоў. Было бачна, што птушкі гэтыя перамяшчаюцца сярод лісця, пералятаюць з дрэва на дрэва, але прасветаў паміж лісцем розных клёнаў не было і разгледзець хто гэта ў мяне не атрымлівалася. Ды яшчэ і дождж перашкаджаў.

І вось калі дождж амаль скончыўся і я амаль сам здагадаўся хто гэта ў клёнах, чорнагаловыя шчыгелы (Carduelis carduelis), мінімум двое дарослых птушак, сталі вылятаць з кроны і сядаць зверху яе. І тут адбылося самае цікавае. Хаця я і раней бачыў, як розныя птушкі пьюць воду на дрэвах, менавіта такі спосаб бачыў упершыню. Шчыгел апусціў дзюбу ў ліст клёна з паднятымі ўверх краямі, у які як ў талерачку з няроўнымі краямі дождж наліў нейкую колькасць вады. Хутчэй за ўсё шчыгел не разлічыў і апусціў дзюбу заглыбока, вада трапіла ў ноздры. Ён рэзка падняў галаву і пырснуў ёй ва ўсе бакі (гл. здымкі ніжэй)! 

Далей усе пералёты паміж клёнамі адбываліся амаль выключна па іх вяршалінам, але які ў гэтым быў сэнс, я не зразумеў як і тое, што шчыгелы рабілі раней унутры лістоты калі заставаліся нябачнымі для мяне.

Адзінае, лагічнае для мяне тлумачэнне было ў тым, што птушкі маглі тут шукаць месца для наступнай спробы гнездавання. Але і гэтая гіпотэза праз хвіліну апынулася пад вялікім сумневам. Бо з высокіх, няскошаных раслін з насеннем на беразе Нёмана з-за мяне ўзляцела не пара, а тройка шчыгелаў, якая туды перамясцілася пасля таго, як яны наведалі апошні клён у шэрагу дрэваў. 

Гродна, 10-07-2026

Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі 

 

Каментары

Цікавае назіранне. Добрыя фоткі. Птушкі прывыкаюць да вызначанага месца вадапою. У парку на дарожцы ямка. Пасля дажджу там доўга трымаецца лужына. Вось сюды і прылятаюць 5-6 відаў птушак здаволіць смагу. На агародзе 2 бочкі з вадой. І сюды ўвесь час прылятаюць птушкі папіць вадзічкі...