Чайка-чарнакрылка і яйка на прыступцы

Як звычайна ў абед я гуляю з маленькім цюцікам каля Нёмана. Сёньня нам пашанцавала надзвычайна - па -першае, каля старага маста ў цэнтры гораду дзьве чайкі-рыбачкі з крыкамі ганялі адну чайку-чарнакрылку (Larus fuscus), якая выдатна пасавала да сваёй назвы і сапраўды была чорная крыламі зьверху і прыкладна разы у 1,5 большая за рыбачак. Хутка яны адсталі ад яе і чорнакрылка прапала з іншага боку маста - ляцела ўверх па плыні, як і 8 іншых, якія праляцелі каля Нёмана ў суботу.

Праз мэтраў 200 Браўн, які бег па краю набярэжнай каля самай вады, выпужаў пару крыжанак, якая адплыла ад яго на некалькі мэтраў, але і не думала адлятаць. І тут я заўважыў нешта неверагоднае - на першай ад вады прыступцы лесвіцы прыкладна там, дзе плавалі качкі, ляжала . .. яйка! Ледзьве не саслізнуўшы па схілу ў ваду, я падняў яго - яно было сьвежае, матава-блакітнае, халоднае і мокрае (ішоў дробны дожджык).

Чаму ж гэтыя (ці іншыя) качкі адклалі яго на адкрытым месцы? Чаму каля яго плавала пара крыжанак? Абараняла яго ад магчымых драпежнікаў ці выпадкова знаходзілася практычна ў адным з ім месцы?

Гэтыя пытаньні засталіся без адказу.

Каментары