Як пазней аказалася, гэта было маё апошняе назіранне амялушак (Bombycilla garrulus) у гэтым сезоне - пазней я іх яшчэ чуў двойчы, але ўжо не бачыў. І гэтае апошняе назіранне дазволіла мне ўбачыць тое, што я раней, за сотні сустрэч з гэтымі цудоўнымі птушкамі з поўначы, ні разу не назіраў.
Спачатку мы сустрэлі прыкладна 50 амялушак - яны прыляцелі на адну з высокіх таполяў з амялой на высокім беразе Нёмана на самым ускрайку в.Дарошавічы. Я ўжо збіраўся паздымаць іх там, але птушкі ля амялы доўга не затрымаліся і хутка адтуль пераляцелі некуды ўздоўж ракі ў бок вёскі. Мяне ўзрадаваў сам факт сустрэчы з імі ў сярэдзіне нашай вясны, бо хаця ў асобныя гады можна сустрэць у нас амялушак і да па паловы мая (адлятаць на гнездаванне ў тайгу ім няма чаго спяшацца), адбываецца гэта далёка не штогод. З берага мы назіралі і іншых цікавых птушак і даволі хутка забылі пра паўночных гасцей.
Але калі пераехалі і прыкладна ў цэнтры вёскі зноў пайшлі на бераг ракі, над намі праляцелі (хутчэй за ўсё) тыя ж птушкі і селі на навакольных дрэвах у былым скверыку. Колькі гадоў таму скверык тут быў нашмат большы, але дзякуючы амялушкам усе высокія і не такія ўжо старыя таполі аказаліся проста аблепленыя кусцікамі амялы, многія пачалі сохнуць і памёрлі і сельсавет вырашыў спілаваць іх. На пазасталых дрэвах ужо не было бачна амялу, а хутка я не тольк ўбачыў, але і змог сфоткаць што амялушкі рабілі на іх - палявалі на насякомых (гл. здымкі ніжэй). І хаця птушкі сядзелі распарошана, але калі нехта з іх вырашыў ляцець далей, даволі дружна адляцелі ўсе. Да сустрэчы ўвосень!
Гродзенскі р-н, 13-04-2026
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ