Кожны здымак у галерэі нашага сайту з'яўляецца ўласнасцю аўтара, які яго размясціў (калі не ўказана іншае). Для камерцыйнага выкарыстання любога здымка або яго часткі неабходны пісьмовы дазвол аўтара.
Пры некамерцыйным выкарыстанні спасылка на аўтара і сайт абавязковыя. Звяртайцеся да рэдактара:dz.vincheuski@gmail.com па ўсіх пытаннях
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках, забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.

All these pictures are copyrighted by the authors. Please respect the time and effort spent in shooting them.
If you have any questions or comments, please let us know: dz.vincheuski@gmail.com

Сінія сініцы і трагедыі: 2 магчымыя і 1 безумоўная

сіняя сініца

Часам птушкі, часцей тыя, якія жывуць побач з намі, спрабуюць выкарыстаць і нашы розныя структуры, якія ствараліся зусім не для іх. Таму і акрысць ад гэтага для птушак умоўная - часам яны гэта робяць паспяхова, а часам наадварот, усё заканчваецца трагічна або для іх птушанят, або нават для дарослых асобін.

Пра тры такія выпадкі, звязаныя з сінімі сініцамі (Cyanistes caeruleus) я і раскажу ніжэй. Два з іх з ілюстрацыямі і я іх аднёс да 'магчымых', а трэці - без ілюстрацый - я не меў камеры? каб засняць тую трагедыю, якая развівалася на нашых вачах.

------------------------------

Першы тып - самы распаўсюджаны (першыя 3 здымкі). З-за недахопу натуральных дупел і сінічнікаў у месцах, дзе для іх ёсць дастаткова ежы, некаторыя сініцы выбіраюць для гнездавання вертыкальныя трубы. Дарослыя птушкі могуць самастойна выляцець нават з вузкай і параўнальна глыбокай вертыкальнай трубы, а вось птушаняты - далёка не заўсёды, асабліва калі гняздо размяшчалася глыбей, чым 20-25 см ад адкрытага края трубы. Такім чынам, пара траціць сезон ці яго частку і шмат энергіі на гадаванне малых, а малыя потым назаўсёды застаюцца ў трубе...Дапамагчы птушкам не зрабіць кепскі выбар проста - накрыць адкрытую трубу нечым так, каб яны не змаглі ў яе заляецеь і збудаваць там гняздо.

Другі тып магчымай трагедыі даволі падобны на першы, толькі што дапамагчы ў ім птушкам маларэальна. Гэтая пара сінічак (на здымках ніжэй трэцяга ці другога пасля тэксту) зусім нечакана для мяне пасля таго, як некалькі хвілін старанна харчавалася на коціках даволі высокай вярбы, потым паказала і выбранае месца для гнездавання - нішу ў металічнай частцы слупа, у якую яны забіраліся праз праржавелую дзірку. Нечым закрыць ці заткнуць яе на такой вышыні нерэальна, але можа птушаняты змогуць выбрацца праз яе і выляцець.

-------

Трэці ж выпадак хутчэй за ўсё і прымусіў распавесці ўсе гэтыя тры гісторыі. Адбыўся ён у невялікай вёсцы, дзе мы са знаёмымі прыпыніліся, каб паглядзець як бабры запрудзілі невялікую ручаіну прыкладна пасярэдзіне паселішча. І адна са знаёмых паказала мне на дзверы ў адну з хатаў побач, якія раз за разам атакавала невялікая птушачка. У бінокль стала бачна, што гэта сіняя сініца і яе дзеянні маюць прынцыповы характар. Яна штораз бачыла сваё адлюстраванне ў шкляной частцы дзвярэй, прымала яго за суперніка і атакавала злёту. Атакі на дзверы былі безупыннымі, пасля кожнай сініца апускалася прыкладна на метр, але праз долі секунды ўзлятала ізноў і атакавала 'суперніка', апускалася і ўзлятала каб прагнаць фактычна сябе ж... 

Нам усім было дастаткова паназіраць за гэтым некалькі секунд, каб зразумець, што нічым добрым гэта не скончыцца. Бо пакуль наш самец сініцы зможа атакаваць, столькі ж разоў ён убачыць у адлюстраванні 'суперніка', які будзе 'атакаваць яго'. А калі страціць усе сілы і не зможа больш бараніць сваю гнездавую тэрыторыю, яму ўжо нішто і ніхто не дапаможа. Адна са спадарожніц спрабавала прайсці да хаты, каб або папрасіць гаспадароў будынка завесціць нечым шкляную частку, або зрабіць гэта самастойна. Але на калітцы вісеў замок і нікога ў хаце не было. З вельмі непрыемным пачуццём бязраднасці мы паехалі далей...

24.03-01.04.2026, Гродна і Гродзенскі раён

Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі