Яшчэ пазаўчора наваколле гучала частымі крыкамі галодных птушанят звычайных шпакоў (Sturnus vulgaris), а ўчора яны ўжо выляцелі з большасці шпакоўняў і іншых гнёздаў і гэты шум перамясціўся на сотні метраў у высокія дрэвы - цяпер моладзь хаваецца сярод лісця там.
Я па іншаму поваду як раз апынуўся прыкладна на адным узроўні з некалькімі такімі дрэвамі і насупраць іх і нечакана, за прыкладна 2 гадзіны, змог назіраць за этапамі нефармальнага навучання маладых шпакоў. Але найперш трэба ўзгадаць незвычайную свабоду, якую атрымалі ўчорашнія птушаняты, бо яшчэ нядаўна яны маглі рухацца толькі ў межах свайго штучнага або прыроднага дупла, амаль не бачылі сонца і канкуравалі за ежу з галоднымі сіблінгамі зусім побач з сабой.
Цяпер яны вольныя ляцець у любым кірунку (і ўжо сапраўды добра лятаюць), самі могуць выбіраць канкрэтнае месца, вышыню і зручнасць для сябе прысады. І не толькі чакаць на ежу ад бацькоў, якія яшчэ працягваюць іх карміць, але і нават загараць, каб атрымаць вітамін D (гл. здымкі 2 і 3 пад тэкстам). Самае ж важнае - магчымасць хуткага навучання праз капіраванне паводзінаў іншых шпакоў. (А для гэтага важна трымацца не толькі разам і побач з сіблінгамі, але і з іншымі шпакамі, за якімі з'яўляецца магчымасць назіраць і капіраваць-пераймаць нейкія паводзіны - важная сінхроннасць гнездавання розных пар)
Такім чынам, можна выбраць добрае і бяспечнае месца на дрэве і чакаць там дарослых з ежай. Раней ці пазней яе не могуць не прынесці. Але наступны і нескладаны этап пад'есці хутчэй - сачыць за бацькамі і падлятаць да іх, калі яны нясуць ежу і папярэджваюць пра гэта кароткім крыкам, а не сядзець там, дзе сядзеў. Так можна нават атрымаць яе хутчэй, чым сіблінг, якому, магчыма, яе неслі.
Больш складаны этап - паспрабаваць паляцець за адным з бацькоў і калі ён шукае ежу недзе недалёка, то можна пачакаць недзе там на зямлі, а можна перабягаць за ім і нагадваць пра сябе (калі вельмі галодны). Так можна атрымаць усё хутчэй і, калі няма побач сіблінга (а яны ж таксама хутка вучацца), то і раней за яго.
Далей можна паглядзець як нешта шукаюць дарослыя і паспрабаваць тое самае зрабіць самастойна. Першы час гэта наўрацці будуць насякомыя - навокал шмат разнастайных палачак і каменьчыкаў адпаведнага памеру:
І вось на гэтым этапе мае назіранні спыніліся. Але пра наступны этап нескладана здагадацца. маладыя птушкі пачнуць знаходзіць спачатку насякомых і іх лічынак , а потым навучацца самастойна лавіць і дажджавых чарвякоў у глебе.
Наперадзе ў добрых вучняў усё лета і яшчэ і чарэшні, вішні, клубніцы, грушы, яблыкі і іншыя смакалыкі)...
22 і 23-05-2026, Гродна
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ