У гэты вечар атрымалася з прылёту і да адлёту назіраць за паляваннем вялікай белай чаплі (Egretta alba) на Нёмане ў самым цэнтры гораду.
За папярэднія дні мялізна як бы 'паднялася' і ў плыткай і цёплай вадзе расліны 'распаўзліся' на яе паверхні яшчэ на большую плошчу і стварылі там рознакаляровае покрыва. Хутчэй за ўсё, гэта прыцягнула туды яшчэ больш рыбак, а рыбкі - чаплю)
Аднак як яна ні старалася, бо падкрадвалася да рыбак і па плыткай вадзе, і спускалася далей ад мялізны па самае 'пуза', нічога ў яе не атрымлівалася. У чым там была праблема, сказаць цяжка. Мо гэтае расліннае покрыва дапамагала рыбкам бяспечна пераплываць пад ім і перашкаджала чаплі трымаць іх у полі зроку і разлічыць удар дзюбай. А можа маладосць і недасведчанасць птушкі была перашкодай - у гэтага віду маладыя і дарослыя птушкі ў няшлюбным пяры знешне не адрозніваюцца, таму і дакладна сказаць пра яе 'гады' немагчыма. Але за амаль паўгадзіны рыбалкі птушка змагла злавіць і праглынуць толькі невялічкую рыбку. А тут зусім побач праплылі тры кацеры і чаплі так ці інакш прыйшлося змяніць месца палявання і адляцець.
Нёман у Гродна, 23-08-2022
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ