De Maroc

 
Марока – гэта краіна на паўночным захадзе Афрыкі. Яе амываюць воды Атлянтычнага акіяну і Міжземнага мора, а невялічкі праліў Гібраалтар адзьдзяляе яе ад Эўропы. Яшчэ паўгады таму я, як і большасьць з вас нічога ня ведаў пра яе, нават і не лавіў сябе на думцы, што калі-небудзь лёс занясе мяне на гэты Чорны кантынент, але лёс склаўся так…


А Афрыка, такая цёплая і таямнічая для ўсіх, сустрэла нас моцнымі сьнегападамі… Не, не падумайце, што раптоўна ўвесь кантынэнт накрыла сьнежнай коўдраю, проста шлях ад аэрапорту Мухаммед ПЯТЫ, які месьціўся ў горадзе Мухаммедзія, да нашага цэнтру ляжаў праз горы Атлас, а там, была сапраўдная зіма. З гэтай нагоды мараканскі кароль (як вы здагадаліся, звалі яго Мухамед) прыехаў у сваю горную рэзідэнцыю павабіць час на лыжах. Ён, як і правадыр Сінявокай – спартсмен-лыджнік. Але мы пра гэта нават не даведаліся б, калі б нас не зацікавілі узброеныя салдацікі, якія патрулявалі дарогу праз кожныя 50 метраў. Хьвіліны беглі, а разам зь імі наш лэндкрузэр ляцеў далей, а мы, захапляючыся незвычайным асяродзьдзем, не адрываліся ад сваіх камер. Фатаграфавалі, мякка кажучы, усё – шчыльныя кактусавыя агароджы, чырвоныя, як кроў пяскі, ды чорныя камяні, сярод якіх губляўся наш шлях, аліўкавыя плянтацыі, невялічкія з інтарэснай архітэктураю гарадкі, горныя рэкі і ўнікальныя атласкія лясы, каньёны, чынкі, горы, вялізарныя акіянскія хвалі, ды, канешне, пальмы, мандарыны, апельсіны…


 Цэнтар, куды мы накіроўваліся, знаходзіўся на вышыні тысячы метраў – плато паміж Высокім і Сярэднім Атласам. Гэтага я ня ведаў, разглядаючы мапу перад вандроўкай, я чамусьці падумаў, што мы будзем побач з Сахараю, таму ня браў з сабой нічога даўжэйшага за калені і локці – Афрыка жа! А мы былі й сапраўды побач з Сахараю, адзьдзяляў нас толькі горны хрэбет. Толькі моцныя вятры, зь якімі сутыкнуліся мы ў першыя дні ўвогуле перавярнулі нашыя ўяўленьні аб Афрыцы.
Але цёплыя ўсьмешкі на тварах французаў і мясцовых жыхароў, якія заўсёды былі побач, сагравалі нас і радавалі сэрцы. У нас такое наўрадці сустрэнеш, каб кожны незнаёмец табе ўсьміхаўся, а ты яму. Дзеці з пасяленьняў, дзе мы запыняліся, не саромеліся – віталіся з намі на розных мовах, распытваліся, а дарослыя заўсёды прапаноўвалі зайсьці ў госьці, папіць традыцыйнай мятнай гарбаты. 


З традыцыйнай ежы характэрна ня толькі мятная гарбата, якую п’юць паўсюль і ўсіх частуюць, па пулярнасьці не саступаючы піву ў нашай мясцовасьці. Быць можа з-за таго, што алкаголь тут забаронены Каранам, хаця досыць хутка мы даведаліся, што тут ёсьць свая традыцыйная анісавая гарэлка – махайя, таму такая забарона Карана для добрай часткі арабаў, зь якой я перасякаўся, зьяўляецца ўмоўнасьцю. Мяса, смажанае на адкрытым агні разам з цыбуляй і таматамі таксама з традыцыі мараканцаў. Прычым гэтае блюда ядуць рукамі з дапамогай хлеба, а хлеб для іх – гэта пышныя смачныя ляпёшкі. Аліўкі – да нас яны даходзяць у закансэрваваным выглядзе, таму шмат каму яны не да спадобы, але тут у Марока, сьвежазамочаныя аліўкі знойдзе чалавек зь любым густам. І хоць нам пашанцавала пітацца разнастайнай ежай з французкага рацыёна, а кожную раніцу, кожны мог зрабіць сок са сьвежых апельсінаў, які надаваў такі ж апельсінавы настрой на цэлы дзень, мы часта заяжджалі ў мясцовыя прыдарожныя кавярні зьесьці традыцыйнага мяса на агні. 
Пясчаныя буры, якія так характэрны для Сахары, да нас дайшлі толькі аднойчы, бо зямля тут, як камень цьвёрдая, паўсюль камяні, нават, калі я паабяцаў прывезьці сваім сябрам пяску з Марока, прасьцей было прывезьці камянёў, якія былі паўсюль і надавалі тамтэйшым мясьцінам марсіанскія пейзажы. Такія вось, бедныя на расьліннасьць, багатыя на камяні, зь мільёнамі перасохшых камяністых рачулак, зь якіх раз на год сыходзіць сьнег з горных верхавін. Горы – прыгажэйшае тварэньне Бога на зямлі, а яшчэ хвалі акіяну, не а быць можа простая белагрудая дзяўчына-бярозка дзесьці на беразе палескай ракі. Радзімы мне вельмі бракавала, вельмі карцела ўбачыць хоць маленькі кавалачак беларускай вясны, але лёс склаўся так…


Праз дваццаць дзён мае беларускія сябры вярнуліся на Радзіму, мне прапанавалі застацца, што я і зрабіў. Першыя дні былі сапраўднай катастрофай, бо вакол цябе былі толькі іншаземцы – арабы, французы, гішпанцы. Хацелася з кім-небудзь паразмаўляць, але мову, нават ангельскую, я добра ня ведаў. Прыйшлося вывучыць, і ўжо хутка па выходных я выкладаў урокі рускай мовы для французаў, якія разам са мной зьбіраліся ў Казахстан.
Марока – у мінулым французкая калёнія, таму ўплыў французаў на мясцовае арабскае насельніцтва досыць высокі. Зусім нядаўна ўрад Марока прыняў пастанову аб абавязковай адукацыі дзяцей, у тым ліку і французкай – другой афіцыйнай мовы. З большага дзяржаўны лад гэтай краіны ва многім нагадвае Беларусь, але ўсё ж такі гэта краіна са сваімі звычаямі і традыцыямі. Напрыклад, калі я апрануў сваю камуфляжную вопратку, мяне адразу папярэдзілі, што могуць узьнікнуць сур’ёзныя праблемы з мясцовымі жыхарамі. Для іх камуфляж – прызнак каланізацыі і варожасьці. Сёньня Марока, як і многія афрыканскія краіны мае ўзброеныя канфлікты з аддзяліўшайся ад яе Заходняй Сахарай, напружаныя стасункі і з Алжырам. Але ў турыстычных раёнах ідзе ціхае курортнае жыцьцё, а такія гарады, як Касабланка, Маракеш, Фес, Рабат пакінуць у памяці адпачываючых двоесныя, але ў той жа час глыбокія ўраджаньні на ўсё жыцьцё.
А пакуль мы разьвітваемся з гэтай маракана-марсіанскай зямлёй, сушым на памяць духмянае лісьце экваліпта, запакоўваем свае рэчы, бо ў хуткай будучыні нас чакаюць ўжо новыя краявіды, новыя ўраджаньні - ужо на Аравійскай паўвыспе.

Зы: Зусім забыў пра птушак, якія і прывялі мяне ў гэты прыгожы куток плянэты. Шкада, але і ў Афрыцы, як і ў нас ёсьць зіма, хоць значна цяплейшая за нашу, але мясцовыя птушкі ўлятаюць увырай – на поўдзень Афрыкі, а нашыя птушкі прылятаюць туды. Таму з большага можна было бачыць птушак нашых, такіх як вясковыя ластаўкі, эўрапейскія ўюркі, белыя буслы, дамовыя вераб’і, якія ўюць свае гнёзды на хмызьняку, мясцовы падвід вялікага грычуна, белыя пліскі, чорныя дразды, сіняя сініца (мясцовы падвід),
Але ў той жа час насыціліся хараством і мясцовай авіфаўны – эгіпецкія чаплі, чарнагаловыя ёрчыкі, гішпанскія вераб’і, маслінічная леска, рудахвосткі Мусьеры з яркай чырвонай паласой на галаве, пустэльны жаўрук, жаўрук Тэкля, падобны на нашага сьмяцюха, рэдкая знаходка эўрапейскіх арнітолягаў – жаўрук Дзюпона, звычайнага бегунка Cursorius cursor, жоўтыя і белыя рагатыя жаўрукі, пустэльная каменка толькі пачала вяртацца ў родныя мясьціны, канешне жа драфа-прыгажуня, чарнабрухі рабок, сычоў-сіпелей. Пад час моцных вятроў заносіла з гор грыфаў і сьцярвятнікаў. Хаця, былі і мясцовыя драпежнікі, як курганьнік, міжземнаморскі сокал, звычайная пустальга, шуляхападобны ароў, пугач, сокаў-падарожнік і яго больш рэдкі брат шахін, карагольчык ды зьмееяд. У гарах нас сустракалі вялікія чароды клушыц ды альпійскіх кавак, пустэльны крумкач і арол-маркут, нейкія чорныя каменкі oenanthe leucopyga, кеклікі, горная стрынатка, горная зялёная жаўна, якая невядома дзе долбіць невядома якія дрэвы, . На беразе адзінай паўнаводнай ракі Мулуйі бачылі огараў ды александрыйскіх зуйкоў, у адным з аазісаў назіралі за рэдкай і ў гэтых мясьцінах зязюляй - clamator glandarius.
Карацей, усіх відаў і не прыпомніш, і не апішаш іх прыгажосьці


 

Фотаздымкі

Каментары

Для фотаздымкаў важная назва лацінкай і адсутнасьць лічбаў ў канцы назвы. Ў пачатку лічба пакаціць.

Напрыклад, 4Maroc, а  Maroc-4 - не. Здаецца, так.

на апошняй фотцы - горная стрынатка, Emberiza cia, звычайны гатунак у Паўднёвай Эўропе. Цікава напісана, але вельмі коратка. Чаму не распавесці пра розныя выязды ў прыроду?