Пакінутыя каўны.

Менск. Цнянскае водасховішча, пляж. 1 кастрычніка 2013.

Каўкі вельмі цікавыя птушкі па розных прычынах.

Па-першае, больш выразных, прыгожых і цярпялівах вачэй вы не пабачыце ніўводнай іншай птушкі.

Па-другае, адметнасьць "гаворкі" вас прывабіць, быццам два, ці больш, цікавых чалавекі знаходзіцца побач з вамі.

Па-трэцяе, калі даводзіцца высьвятляць адносіны з абідчыкам, каўкі паводзяць сябе больш, чым выразна. Справа можа зайсьці да качаньня па зямлі, аліж ладныя памеры птушак  і махі крылаў хаваюць і зьмякчаюць беспардонныя памкненьні. (Ня так лёгка дацягнуцца да каршэня абідчыка.) Да рэчы, усё гэта адбываецца як калектыўнае відовішча, і, ведама, з парадамі яго ўдзельнікаў. Лямант - яшчэ той! Усе лезуць паглядзець, ажно нахіляюць галовы. 

Нарэшце, апошняе, што хацелася падкрэсьліць - каўкі адмысловыя будаўнікі. Будуюць надоўга і ўтульна, у закрытай прасторы. На галаву дождж не капае,  зьнізу - цела не халадзея. Няма неабходнасьці апісваць гняздо кавак, бо большасьці яно вядома. Адыж ня кожны ведае, што яно мае асобую назву - каўна.

Каўны не будуюцца паасобку: хоць адзін, аліж сусед павінен быць. Павінна быць і простая сьцежка да суседа... Й многае іншае...

У межах горада і яго частак каўкі ствараюць свой уласны город. Тое, што давялося мне назіраць на Цнянскім вадасховішчы, сведчыць, што такі горад часам дружна пакідаецца імі... Каўны застаюцца пустымі.
І мы можам стаць сьведкамі птушынага кірмашу. Якія яго мэты, я не пасьмелюся выказваць сваё меркаваньне. Магчыма штосьці падкажуць кожнаму з вас пададзеныя тут здымкі.

Пасьпяховага прагляду.

Фотаздымкі

Каментары

 Дзякуй - цікава і ярка напісана. Ну і за новае для мяне слова-тэрмін "каўны" ўдзячны.

Пазаўчора я назіраў за падобнымі "разборкамі" варон на схіле пад т.зв. новым замкам. Дзве вароны скатваліся ўніз, час ад часу дзюбаючы адна адну і біючыся крыламі - нешта не падзялілі. Літаральна ў секунды вакол іх сабралася шумная кампанія, якая з крыкамі сядзела, нагадваючы кола падлеткаў вакол двух забіяк. Аднак бетонная падпорка схілу скончылася - з яе вароны маглі б зваліцца, скончыліся і разборкі-канфлікт. Даволі хутка ўсе разляцеліся і хзаняліся сваімі справамі. Я стаяў і дзівіўся - наколькі гэта нагадвала  (каля)школьнае жыццё ў мае гады.

Трапнае параўнаньне! Таксама хацелася напісаць пра плойму падлеткаў й двух забіякаў. Трэба ж -аднолькавыя асацыяцыі; хто б мог падумаць?.. Падалося: а людзі, а птушкі - зашмат падабенства...

Назіраў такую карціну сёньня ранкам, калі ехаў на працу. Адбывалася ўсё побач з аўтобусным прыпынкам. Паспрабаваў падыйсьці й прыгледзецца. Каўкі перабраліся на каштан. Долу засталася адна. Паглядзела, дзе абідчыца. І падалася да яе на дрэва, каб працягнуць разборкі... Нарэшце, усе спалохаліся мяне - замнага праявіў цікавасьці.

Вяртаюся да ілюстрацый. Як Вы мяркуеце, якая мэта такіх кірмашоў? Вельмі цікава. Я неяк не знаходжу выразнага тлумачэньня. 

 Звычайна пішуць пра ўзмацненне сацыяльных сувязяў у групе. А яны могуць быць разнастайныя. Напрыклад, сфармаваныя пары правяраюць адзін аднаго ці маладыя (а можа і тыя птушкі, якія страцілі партнёра па розных прычынах) шукаюць сабе пару. 

Вы - спрактыкаваны чалавек, і можаце патлумачыць, які ўзрост птушак на здымках. Некаторые здымкі прыдатны для такога прагляду. Верагодна, павінны быць птушкі першага, гэтага, году. Калі гэта так, дык пытаньне набывае больш празрыстую афарбоўку. 

 Я, на жаль, не займаўся вывучэннем кавак. Пра гэта і многае іншае можна спытаць Святлану Вранаву, якая вывучала іх у Чэхіі.

 Svetlana: vyznačyc uzrost ptušak pa takim fotam, niemahčyma (tam ža tolki kolar piorau važny - ci jany calkam čornyja, ci chutčej karyčnievyja... - a heta na fotach nia bačna).

Pary mohuc rabic užo ptuški u pieršym hodzie žyccja, choc hnjazdujuc jany z bolšasci tolki u trecim hodzie.

Вітаю, Вас Сьвятлана. Буду зараней удзячны, калі знойдзеце магчымасьць патлумачыць нагоду ўтварэньня такіх вялікіх калоній кавак і іх актыўнасьць восеньню.  

A moža heta pieraliotnyja ptuški? Jany ž migrujuc. Vašyja dy rasejskija kauki zimujuc u Polščy, u Čechii... Mahčyma, što jany u darozie da nas :-) A u vas napeuna zimujuc kauki bolš paunočnyja. Tamu, mahčyma, heta ptuški, jakija da vas pryljaceli zimavac.

U nas takija čarody kavak dy hrakou zimoj calkam narmalnyja. Jany pryljatajuc zimavac i trymajucca u vialikich čarodach. Razam charčujucca, razam ljatajuc, razam načujuc... Ja dumala, što u vas heta narmalna sustrakaiecca?

Так, Сьвятлана, сустракаецца нармальна. Хацелася б больш ведаць.

Такім чынам, міграцыя - гэта галоўны матыў для ўтварэньня такіх калоній. Пастрабую па магчымасьці прасачыць, ці затрымаюцца тут птушкі. Калі паўночныя - дык Менск іх сагрэе, і ёсьць нагода тут затрымацца. Ведама гарады-каўны, уласны прытулак, ім таксама спатрэбіцца (?) - не выпадае перачакаць зіму на пляжы.

Зьвярніце, калі ласка, увагу на два дадатковыя здымкі ў "Галярэі". Яны, магчыма, штосьці дазволяць сказаць пра ўзрост птушак.