Месцы зімовак малых лебедзяў з Ямала- нечаканыя вынікі

малы лебедзь

Традыцыйныя метады даследавання міграцыйных сувязяў у птушак паступова саступаюць свае заслужаныя пазіцыі сучасным тэхналогіям – спадарожнікавым і GPS-GSM перадатчыкам (апошнія дасылаюць сігналы у выглядзе смсак праз сеткі мабільных аператараў). І хаця выкарыстанне гэтых тэхналогій атрымліваецца для навукоўцаў бязбожна дарагім, дэталізацыя атрыманых вынікаў прымушае заплюшчыць вочы на гэтую праблему. У кастрычніцкім нумары Зоологического журнала з’явіцца артыкул, прысвечаны аналізу двухгадовых назіранняў за індывідуальнымі маршрутамі вясновай і восеньскай міграцыі малых лебедзяў (Cygnus columbianus).

У 2015-16 гг на паўднёва-заходнім Ямале (Расія) Рабочей группой по гусеобразным (РГГ) сумесна з ROYAL BELGIAN INSTITUTE OF NATURAL SCIENCES (Бельгія) былі арганізаваныя адлоў і мечанне малых лебедзяў – тыповых жыхароў тундры. У месцы адловаў, Байдарацкай губе, канцэнтруюцца на ліньцы мясцовыя птушкі, якія не гняздуюць або гнездавалі непаспяхова. Яшчэ паўтара дзесяцігоддзя таму малы лебедзь быў рэдкім відам не толькі на ўсім Ямале, але таксама на прасторы паміж Югорскім і паўвостравам і Таймырам. Аднак цяпер тут з’явіліся лінныя і гняздуючыя групоўкі, а арэал прасунуўся на поўнач амаль да 72° пн.ш.

Яшчэ нядаўна араэал віду ў расійскай Арктыцы ўяўляў з сябе ланцуг з асобных, ізаляваных папуляцый- участкаў. Наўрацці гэта было натуральным становішчам – хутчэй вынікам шырокамаштабнага засваення Арктыкі ў савецкі час. Аднак, тым не менш, у апошняе дзесяцігоддзе ў многіх рэгіёнах адзначаецца ўзнаўленне колькасці малага лебедзя. На жаль, значна ранейшых дадзеных па колькасці ў месцах гнездавання віду для параўнання амаль няма, але калі арыентавацца на дадзеныя ўлікаў на месцах зімоўкі, пра гэта можна ўпэўнена казаць. У 1950–70-я гг колькасць віду была мінімальнай, у выніку чаго розныя папуляцыі былі дакладна раздзеленыя і на месцах гнездавання, і на месцах зімовак. Затым паляпшэнне аховы на месцах зімоўкі ў Японіі і Карэе прывяло да таго, што колькасць зімуючых тут птушак павялічылася з 0.5–1 да 40–60 тыс. птушак, а агулам на ўсходне-азіяцкіх зімоўках цяпер налічваюць да 120 тысяч малых лебедзяў.

За два гады даследаванняў былі пазначаныя перадатчыкамі 11 птушак. І ўжо першы год прынёс нечаканыя вынікі. Раней даследчыкі лічылі, што існуе жорсткая “прывязка” птушак з канкрэтных гнездавых папуляцый да канкрэтных месцаў зімоўкі. Гэтае меркаванне з’явілася адпаведна з вынікамі кальцавання: лічылі, што птушкі, якія гняздуюць на захад ад Таймыра зімуюць у Заходняй Еўропе (Вялікабрытаніі, Нідэрландах, Бельгіі, Германіі, Даніі, Францыі), таймырскія – на Каспіі, а якутска-чукоцкія – у Кітае і Японіі.

птушка

Малы лебедзь 620Х, сфатаграфаваны 12.12.2016 ў Сіньцзян-Уйгурскам аўтаномным раёне Кітая. Здымак з www.xinjiang.birds.watch

Аднак на мапе вандровак пазначаных у адным месцы перадатчыкамі птушак бачна, што яны зімуюць у розных месцах – ад Еўропы да ўсходняга Кітая – разброс больш 8 тысяч км! Найбольш цікавымі ўяўляюцца тры птушкі, якія засталіся на зімоўку ў Сярэдняй і Цэнтральнай Азіі. Бо дагэтуль у большасці краін рэгіёну малы лебедзь лічыўся вельмі рэдкім відам.

мапа

Важна растлумачыць і інтрыгу, якая і зрабіла магчымым праект па вывучэнню міграцый малага лебедзя з дапамогай сучасных тэхналогій. Негледзячы на параўнальна добры стан зімовак віду ў Азіі, у Заходняй Еўропе колькасць птушак на зімоўцах у Паўночным моры ў апошняе дзесяцігоддзе моцна скарацілася. Адначасова з пачатку 2000-х гг стала фармавацца вялікае зімовачнае скапленне віду ў дэльце Эўраса ў Грэцыі. Калі да 1997 г. там было вядома толькі пра 9 сустрэч, то пазней малыя лебедзі сталі адзначацца там штогод, у 2015 г там налічвалі ўжо больш 4 тысяч асобін, а ў 2016 – больш 8 тысяч! Гэта нарадзіла ідэю, што частка лебедзяў, якія зімавалі ў Паўночным моры, памянялі месца зімоўкі на Грэцыю. Аднак больш праўдападобнай выглядае гіпотэза, што тлумачыць з’яўленне грэцкай зімоўкі не перараспрадзяленнем птушак паміж еўрапейскімі зімоўкамі, а павелічэннем колькасці і экспансіяй на захад сібірскіх папуляцый віду.
 

Магчыма, што скарачэнне колькасці лебедзяў на Паўночным моры звязана з праблемамі ўнутры папуляцыі на месцах гнездавання: змяншэннем гнездапрыдатных плошчаў і браканьерскімі адстрэламі ў Расіі. Аднак варта адзначыць, што ў малазаселенай Арктыцы гэтыя праблемы хаця і ёсць, але наўрацці могуць мець шырокамаштабны характар.

А вось дэградацыя заастэравых балот (маршэй) з-за забруджвання і антрапагеннай трансфармацыі амаль па ўсяму густазаселенаму ўзбярэжжу Паўночнага мора уяўляецца нашмат больш сур’ёзнай. Да таго ж у Францыі, дзе гэтай праблемы няма, колькасць віду на зімоўцы, які ляціць туды тым жа пралётным шляхам, не змянілася. Змяншэнне колькасці птушак таксама можа быць звязана з павялічанай смяротнасцю птушанят: паводле ўлікаў на гнездавых тэрыторыях да пачатку міграцыі іх у сярэднім было па 2,6 на пару, а ў студзені-лютым на месцах зімоўкі ў Заходняй Еўропе толькі ў сярэднім 1,9. Гэта менш за ўзровень, неабходны для ўстойлівага падтрымання колькасці відам.

Мапа маршрутаў міграцыі ямальскіх малых лебедзяў пацверджвае другую гіпотэзу. Аднак, каб больш упэўнена сцявярджаць гэта, неабходны дадзеныя з рэгіёнаў на захад ад Ямала. Сёлета каманда даследчыкаў памеціла перадатчыкамі яшчэ некалькі птушак у пойме Пячоры, таму, магчыма, мы ў хуткім часе атрымаем адказ на гэтае пытанне. Або атрымаем новыя пытанні.

 

Паводле www.ebirds.ru (тэкст, здымак і мапа)

Верхні здымак- малы лебедзь 620Х, сфатаграфаваны 31.10.2016 г. ў Казахстане на ох. Марэй. Фота А.Белялава

 

 

На гэтую тэму:

Лебедзь імя Джэймса Бонда мае свой дэвайс

Малых лебедзяў стала мала

“РАЗВОД” ПА-ЛЕБЕДЗІНАМУ

МАЛЫЯ ЛЕБЕДЗІ ПРАДВЯШЧАЮЦЬ ПОЗНЮЮ ЗІМУ