Выставы гродзенскіх фотаанімалістаў "пераляцелі" на Берасцейшчыну

Дзве персанальныя фотавыставы гродзенскіх фатографаў Мікалая Іванавіча Гулінскага і Дзьмітрыя Якубовіча зараз экспануюцца ў розных публічных пляцоўках Брэсцкай вобласці. "Птушкі вакол нас" ганаровага сябра АПБ Мікалая Гулінскага паказваюць фота-партрэты мясцовых птушак наведвальнікам Цэнтральнай Баранавіцкай гарадзкой бібліятэкі імя Таўлая, а "Нашы вядомыя і невядомыя птушкі" Дзьмітрыя Якубовіча цяпер глядзяць жыхары і госці Брэста ў Абласным краязнаўчым музеі.

Фотавыстава Мікалая Гулінскага будзе экспанавацца ў Баранавічах ў бібліятэцы ў сектары літаратуры на замежных мовах да 17 красавіка, а фотаздымкі Дзьмітрыя Якубовіча ў Музеі - да канца гэтага месяца. Абедзве фотавыставы складаюцца з троху больш, чым 20 фотаздымкаў, спецыяльна адабраных аўтарамі для гледачоў рознага ўзроўню абазнанасці ў нашых птушках - таму глядзець на іх будзе цікава як дасведчаным, так і пачынаючым назіральнікам і нават тым, хто яшчэ не ведае наколькі цікавы бёрдуотч.

фотавыстава

Першая фотавыстава арганізаваная ў рамках праекту "Будзь здаровы з птушкамі", які АПБ рэалізуе ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь” (“БЕЛМЕД”), які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА у парнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і падрыхтаваная найперш "вучням" Баранавіцкай школы бёрдуотчараў..

Другая фотавыстава- вынік дамоўленасці аўтара, Гродзенскага і Брэсцкага абласных аддзяленняў АПБ і працягвае шматгадовую традыцыю прадстаўлення найлепшых здымкаў нашых птушак найперш дзеткам і падлеткам Бржста ў рамках Тыдня птушак у гэтым горадзе.

Запрашем атрымаць эстэтычную асалоду ад выдатных момантаў і прыгажосці нашых птушак!

 

На здымках Дзьмітрыя Вінчэўскага- Мікалай Іванавіч Гулінскі развешвае свае фота-работы.