Нечаканы паварот гісторыі з белым буслом Кайткам

белы бусел

Нечаканы і вельмі сумны працяг можа атрымаць гісторыя з сучаснымі метадамі вывучэння птушак на прыкладзе аднаго з белых буслоў (Ciconia ciconia) родам з Польшчы, распавяла прыродаахоўная арганізацыя Grupa EkoLogiczna з Седлец (Польшча). 


У апошнія дзесяцігоддзі вельмі папулярнымі для вывучэння міграцый і іншых дэталяў жыцця птушак становіцца ўсё больш мініатурныя тэхналагічныя прылады: спадарожнікавыя перадатчыкі, геалоджэры, геалакатары і іншыя гаджэты, якія выкарыстоўваюць апошнія дасягненні сучасных тэхналогій. Лоджэр GPS GSM – гэта невялікая прылада, якая вызначае геаграфічныя каардынаты з дапамогай сістэмы GPS. Запісаныя такім чынам дадзеныя  высылаюцца таму, хто размясціў на птушцы лоджэр з дапамогай сотавай сувязі ў выглядзе звычайных СМСак. Гэтыя прылады ў апошні час сталі ствараць сур’ёзную канкурэнцыю спадарожнікавым перадатчыкам, таму што іх цана значна меншая, чым у падобнага класа прыладаў. Нашмат таннейшым ёсць і шлях атрымання дадзеных – для іх перадачы не патрэбныя спадарожнікі. Таксама, як і перадатчыкі, лоджэры маюць сонечную батарэю, якая дазваляе ўвесь час узнаўляць запас энергіі, неабходны для бесперабойнай працы прыладаў. Лоджэр GPS, як і спадарожнікавы перадатчык, прымацоўваецца на птушцы як заплечнік на тэфлонавых, або неапрэнавых стужках. Здавалася б, усе магчымыя карысці для таго, каб атрымліваць неабходную інфармацыю бяспечным і параўнальна недарагім шляхам, прадуманы. Але...


З красавіка 2017 г. польскія калегі публічна сачылі за перамяшчэннямі белага бусла з дапамогай менавіта падобнага лоджэра GPS GSM. Бусел атрымаў мянушку Кайтэк (Kajtеk), бяспечна адляцеў на зімоўку ў Афрыку і 1 лютага гэтага году пачаў свой шлях на поўнач - праз 10 дзён даляцеў да Судана, дзе адпачываў у даліне т.зв. Блакітнага Нілу. З незразумелай прычыны бусел заставаўся амаль у тым жа месцы ажно да 26 красавіка, пералятаючы на невялікую адлегласць да 25 км навокал. Тады ж была атрымана і апошняя смс-ка з каардынатамі месцазнаходжання птушкі.


Аднак учора, 7 мая, даследчыкі атрымалі рахунак ад польскага аператара сотавай сувязі на ... 10 тысяч злотых (прыкладна 2,5 тысячы эўра) - з часу знікнення бусла "з радараў" навукоўцаў, нехта дастаў сім-карту і карыстаўся ёй на працягу 20 гадзін, размаўляючы без абмежаванняў.
Як выйсці з непрыемнай сытуацыі і што рабіць далей, каб забяспечыць папулярны метад даследавання ад падобных выпадкаў, пакуль невядома.


Паводле www.grupaekologiczna.org.pl (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

На гэтую тэму:

Белыя буслы: звалкі лепш, чым доўгія пералёты

Польшча ўжо не першая па колькасці белых буслоў?

БЕЛЫЯ БУСЛЫ, ЯКІЯ ЗАСТАЛІСЯ Ў НАС НА ЗІМУ - ЦІ ТРЭБА ІХ РАТАВАЦЬ?

Будучыня белых буслоў – наша смецце?