Вынішчэнне амерыканскіх норак на астравах у Шатландыі пайшло на карысць мясцовым птушкам

Маштабны і комплексны праект па ачышчэнні Знешніх Гебрыдаў (Outer Hebrides) ад амерыканскай норкі  (Neovison) Mustela vison) - інвазійнага і чужароднага віду звяроў – працягваўся апошнія 17 гадоў і нарэшце прызнаны паспяховым. З падрабязнымі каментарамі выступілі прадстаўнікі Scottish Natural Heritage (SNH) (Шатландыя, Вялікабрытанія).


Сотні вялікіх і малых астравоў архіпелагу займаюць плошчу амаль 5 тысяч кв км, а агульная працягласць берагавой лініі тут адпавядае ажно 15% ад агульнашатландзкай. Больш за 7500 салодкаводных азёр – амаль кожнае чацьвёртае для Шатландыі – дапамаглі амерыканскай норцы дасягнуць тут такой шчыльнасці, якой няма нідзе на яе радзіме - у Паўночнай Амерыцы.


Інтрадукцыя амерыканскай норкі ў Шатландыі была непасрэдна звязана з футравай індустрыяй, якая пачалася тут ў 1950-я.  На Знешніх Гебрыдах фермы па развядзенні норак разарыліся праз некаторы час, напрыклад, на востраве Lewis ў пачатку 1960-х і хутка норкі сталі мясцовымі жыхарамі па-за вальерамі. Невялікі па маштабах адстрэл паляўнічымі з маёнткаў, якія прапануюць спартыўнае паляванне на мясцовую фауну і іншыя вельмі абмежаваныя спробы SNH пазбегнуць распаўсюджання небяспечнага віда-інтрадуцэнта далей на поўдзень аказаліся безпаспяховымі. Да пачатку нашага стагоддзя амерыканская норка ўжо жыла на самых паўднёвых астравах архіпелагу. 


На пачатак ліпеня 2018 г. за 17 гадоў барацьбы з інтрадуцэнтам на Гебрыдах было адлоўлена 2198 норак, прычым на астравах Lewis і Harris за апошнія 18 месяцаў адлавілі толькі 2 самкі, якія не размнажаліся, і “іх” самцоў. Аднак на востраве Uists норак яшчэ бачаць параўнальна рэгулярна, што сведчыць пра неабходнасць там працягу прац па адлову гэтых інтрадуцэнтаў. 


Лакальныя справаздачы кажуць пра тое, што мясцовыя гняздуючыя птушкі ўжо пазітыўна “адгукнуліся” на знікненне норак. Маррэй Маклеад (Murray Macleod), аператар кампаніі SeaTrek, якая прапануе тут марскія падарожжы на птушак, сказаў: “Мы і мае калегі з іншых турыстычных кампаній ужо бачым вынікі праекту па вынішчэнні норак. Сёлета мы змянілі нашы трасы, на якіх паказваем птушыныя калоніі на астравах, таму што яны з’явіліся там, дзе раней іх проста не было. Гэта надзвычай важна не толькі для саміх птушак, але і для развіцця лакальнага турызму”.


Дэвід Макленнан (David Maclennan) з Scottish Natural Heritage Area сказаў: "Інвазійныя інтрадукаваныя віды - адна з найбольшых пагроз нашай прыродзе. Але праект па ачыстцы Знешніх Гебрыдаў ад амерыканскай норкі (Hebridean Mink Project) паказаў, што мы можам паспяхова змагацца з інтрадуцэнтамі і нават перамагчы. Гэта фантастычнае пачуцце – назіраць за вяртаннем нашых відаў на астравы. Важна ўлічваць розныя фактары падобнай барацьбы, але мясцовыя жыхары кажуць, што гэта будзе мець вялізарны пазітыўны эфект на мясцовую прыроду і эканоміку”. 


Майк Кэнтлэй (Mike Cantlay), старшыня Scottish Natural Heritage, дадаў: "Мы вельмі задаволены, што цяжкая праца скончылася поспехам для прыроды Гебрыдаў. Амерыканская норка – інвазійны чужародны від, які палюе на рыбу і наземнагняздуючых птушак. Каб адлавіць усіх норак, мы з дапамогай галоўным чынам сродкаў з праграмы ЭЗ Life, працавалі камандай з 12 нашых супрацоўнікаў і мясцовых паляўнічых.” 


Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Амерыканская норка на здымку Сяргея Козака


На гэтую тэму:
Драпежнікі-інтрадуцэнты і сельская гаспадарка вінаватыя ў паступовым знікненні нырка-сівака

Еўракамісія нарэшце прыняла Спіс найбольш небяспечных інвазійных інтрадуцэнтаў

Еўразвяз распачне барацьбу з інвазійнымі інтрадуцэнтамі

Аўстралійцы нарэшце ачысцяць краіну ад інтрадукаваных звяроў?

МСАП (IUCN) прапануе нарэшце скласці Чорны спіс інвазійных відаў