У аўторак адбыўся першы з заняткаў не зусім звычайнага курса у Гродзенскім універсітэце залатога веку (УЗВ) – упершыню за 10 год існавання гэтай установы нефармальнай адукацыі для сталых людзей, тут пачалі вучыцца вызначаць птушак. Курс пад назвай “Асновы назіранняў птушак, або нашы першыя 100 відаў” разлічаны на 12 тэарэтычных заняткаў, якія пройдуць у першым семестры.
Да пачатку новага вучэбнага году (які пачаўся на гэтым тыдні) былі хваляванні наконт таго, ці выбяруць сталыя студэнты новы курс сярод мноства магчымых, якія прапануе ім УЗВ. Аднак хваляванні аказаліся марнымі – на першы з заняткаў прыйшло амаль 20 чалавек, а пасля дадаткова запісаліся на курс яшчэ шэсць.
Акрамя тэарэтычнай часткі, якая прадугледжвае гісторыю назіранняў птушак у Свеце і ў Беларусі, парады па выбары і выкарыстанні оптыкі і вызначальнікаў, а таксама падрабязнае знаёмства з самымі звычайнымі ў нашай краіне відамі птушак і пастаянную праверку атрыманых ведаў на кароткіх відэа-фільміках, студэнты змогуць удзельнічаць як мінімум у 12 “палявых” занятках-выездах. Гэтыя экскурсіі і сустрэчы з птушкамі ў прыродзе насамрэч распачаліся напярэдадні тэорыі, бо частка студэнтаў разам з маладзейшымі удзельнікамі ПанЕўрапейскіх дзён назіранняў птушак – 2018 у нядзелю глядзелі за птушынымі міграцыямі ў заказніку “Гродзенская Свіслач”. Там за палову дня мы змаглі ўбачыць больш 40 відаў, што, магчыма, і падштурхнула некаторых студэнтаў не толькі самім запісацца на курс, але і запрасіць на яго сваіх сяброў.
Другі з заняткаў будзе прысвечаны птушкам нашых паселішчаў, а наперадзе птушкі лясоў і паркаў, лецішчаў і лугоў з палеткамі, вадаёмаў і балот. Ну і тэст-праверка набытых навыкаў вызначэння. Бо як нядаўна аказалася ў Шатландыі, назіранні за птушкамі акрамя задавальнення, дапамагаюць падтрымліваць здаровы лад жыцця нават хворым на некаторыя хранічныя хваробы – а гэта тое, што патрэбна не толькі сталым людзям.
Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі,
здымкі аўтара
На гэтую тэму:
У ШАТЛАНДЫІ ТЭРАПЕЎТЫ ПАЧАЛІ ПРАПІСВАЦЬ ПАЦЫЕНТАМ БЁРДУОТЧ!
Назіранні за птушкамі неабходныя для нашага душэўнага здароўя
Кожны пяты амерыканец – бёдуотчар!
Merlin дапаможа вызначыць амерыканскіх птушак па фота
Праграма для iPhone дазволіць амерыканцам вызначаць птушак навокал
Назіранні за птушкамі ў ЗША ў лічбавую эру
Маладым людзям не хапае зносінаў з прыродай
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ