In memoriam: Уладзімір Янушэвіч (1966-2019)

У сераду, 13 лютага, раптоўна не стала Уладзіміра Янушэвіча - аднаго з самых цікавых фота-анімалістаў Гарадзеншчыны і найлепшых фатографаў Слоніма.

Яго асабістая фота-галерэя на нашым сайце добра дэманструе прафесійны падыход Уладзіміра да здымак і цікавыя вынікі яго сустрэч з птушкамі Слонімшчыны. Нестандартныя сытуацыі і ракурсы, у якіх паказаны нават звычайныя віды нашых птушак у Беларусі і за яе межамі, паказваюць вялікі талент аўтара, уменне не толькі ўбачыць цікавыя сытуацыі і паводзіны, але і паказаць іх іншым здапамогай фотаапарата:

птушка

Звычайны кавалік на сланечніку. Здымак Уладзіміра Янушэвіча

Уладзімір нарадзіўся 04.06.1966. Апошнія некалькі гадоў працаваў прафесійным фатографам у родным Слоніме, дзе ў цэнтры гораду меў уласную фота-студыю “ФотоГрафъ”. Па яго шляху пайшла дачка Кацярына, якая працягвае справу бацькі. А малодшага сына Яна ён з малога прывучаў бачыць прыроду праз аб’ектыў фотакамеры.

Уладзімір быў актыўным сябрам АПБ, удзельнічаў у розных справах Слонімскага раённага аддзялення, Гродзенскага абласнога аддзялення і вельмі любіў з фотапаратам бавіць час на прыродзе. Ён з ахвотай дзяліўся феналагічнымі назіраннямі пра зімоўку і прылёты птушак Слонімшчыны, інфармацыяй пра сустрэчы з рэдкімі відамі.

птушка

Сіні сіваграк. Здымак Уладзіміра Янушэвіча.

Неаднаразова ўдзельнічаў, станавіўся прызёрам і перамагаў у фота-конкурсах Гродзенскага абласнога аддзялення АПБ “Нашы птушкі”, нашага сайта “Магія дзікай прыроды” і АПБ “Птушкі ў аб’ектыве”, яго здымкі былі ўпрыгожваннем многіх фотавыставаў і выданняў пра прыроду і птушак Беларусі.

 

Шчырыя спачуванні родным і блізкім! Светлая памяць!



Верхні здымак - Віталія Фядотава

Comments