Назіральнікі птушак з розных краін Еўропы распачалі сапраўдную гонку з часам і стараюцца знайсці самую рэдкую птушку Заходняй Палеарктыкі пакуль яна не знікла назаўсёды.
Навукоўцы баяцца, што танкадзюбы кулён (Numenius tenuirostris), якога больш за 10 гадоў таму бачылі апошні раз, ужо знік – з-за страты месцапражыванняў і палявання.
Калі гэта так, гэта будзе трэці від еўрапейскіх птушак, які вынішчаны чалавекам з 1600-х гадоў.
Тым не менш, пакуль надзея памірае астатняй і Каралеўскае таварыства абароны птушак RSPB прапанавала зрабіць адчайную спробу знайсці апошніх кулёнаў і прасачыць за іх пералётамі – пакуль сапраўды не стане запозна. А калі атрымаецца знайсці месцы зімоўкі і гнездавання, з’явяцца шанцы на іх захаванне і выратаванне птушак.
Танкадзюбы кулён вельмі падобны на два нашых віды – вялікага і сярэдняга кулёнаў і адрозніваецца ад іх больш тонкай і загнутай дзюбай і дэталямі апярэння. Птушкі, напэўна, ўсё яшчэ гняздуюць недзе ў Цэнтральнай Азіі, а потым пралятаюць праз Сярэдні Ўсход, Еўропу і Паўночную Афрыку на месцы зімоўкі.
Яшчэ ў ХІХ стагоддзі танкадзюбыя кулёны былі даволі звычайнымі пералётнымі птушкамі у краінах Міжземнамор’я, аднак у мінулым стагоддзі іх колькасць пачала імкліва і драматычна змяншацца. Дакладныя доказы гнездавання віду існуюць толькі з наваколля Томску і Барнаўлу, і ім ужо больш за 60 год. На зімоўцы ў Заходнім Марока ў студзені 1964 году адзначаліся прыкладна 800 птушак. Дзеля таго, што ў той год дакладныя ўлікі кулікоў праводзілі па ўсяму Міжземнамор’ю, і ў іншых месцах адзанчаліся толькі адзінкавыя асобіны, хутчэй за ўсё гэтая колькасць адлюстроўвала сапраўдны стан папуляцыі. Праз 11 год, у 1975 г. на тых жа месцах зімоўкі ў Марока былі ўжо толькі 123 птушкі. Пасля 1970 г. вядома толькі некалькі рэгістрацый віду ў былым СССР. Паміж 1980 і 1990 гг. сусветная папуляцыя кулёнаў ацэньвалася ў прыкладна 100 птушак, цяпер навукоўцы кажуць пра колькасць ад 0 да 50 кулёнаў. Апошнія рэгістрацыі віду адбыліся ў 1990-я ў Марока і ў 1998г. на ўзбярэжжы Northumberland у Вялікабрытаніі.
Пра ўмовы гнездавання вядома няшмат. Магчыма, птушкі маглі гнездаваць нават у Іраку ці Іране, якія дагэтуль застаюцца цяжкадаступнымі для навукоўцаў.
Ніколя Крокфорд (Nicola Crockford) з RSPB аднак спадзяецца, што ўсё яшчэ магчыма знайсці танкадзюбых кулёнаў і дапамагчы ім.
"Хаця сітуацыя з гэтым відам не выглядае на аптымістычную, але “пераадкрыццё” у апошнія гады некалькіх відаў птушак, якія лічыліся зніклымі, дае нам падставы для аптымізму. І таму мы заклікаем людзей не здавацца. Птушкі гэтыя былі вядомыя гнездаваннем на вельмі аддаленых тэрыторыях, таму, магчыма, што пакуль невядомыя месцы гнездавання могуць быць знойдзены ў вялікім і маладаследаваным рэгіёне Цэнтральнай Азіі, а невялікая колькасць птушак зімуе ў пакуль невядомай нам частцы Паўночнай Афрыкі або Блізкага Ўсходу. Аднак час сапраўды гуляе супраць нас”.
У выпадку рэгістрацыі тонкадзюбага кулёна пад час зімоўкі ці міграцыі, прадстаўнікі RSPB будуць старацца злапаць яго і забяспечыць сатэлітарным перадатчыкам каб мець магчымасць даведацца як мага больш пра гэтых загадкавых кулікоў і на аснове атрыманай інфармацыі як мага хутчэй забяспечваць ахову месцам зімоўкі, прыпынку пад час міграцыі і гнездавання.
Малюнак з www.nature.ok.ru
Паводле www.telegraph.co.uk і www.nature.ok.ru падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
На гэтую тэму:
Хваля знікненняў вынішчае поле для эвалюцыі
АЎДЗІТ АНГЛІЙСКАЙ ПРЫРОДЫ – ПРАПАЛІ 500 ВІДАЎ!
Крызіс знікненняў паглыбляецца
Аўстралійскую мегафауну знішчылі першабытныя людзі
Зніклі назаўжды? Сумны спіс апошняга дзесяцігоддзя.
Вануатскі буравеснік сфатаграфаваны!
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ