Колькасць свойскіх катоў (Felis silvestris catus) у краінах Заходняй Еўропы пастаянна павялічваецца як мінімум з 1970-х гадоў (для якіх ёсць адпаведныя дадзеныя). Вакол нашых дамоў, у садах і парках гэта самы шматлікі драпежнік, прычым яго шчыльнасць і размяшчэнне не залежаць ад шчыльнасці і размяшчэння патэнцыйных ахвяр. Для таго, каб ацаніць іх непасрэднае негатыўнае ўздзеянне на звычайных дзікіх птушак, якія жывуць вакол нас, група французскіх і бельгійскіх навукоўцаў выкарыстала дадзеныя праграм кальцавання з гэтых краін. Гэта дазволіла выявіць найбольш пагражаемыя ад катоў групы і віды птушак; прааналізаваць змены ў іх смяротнасці за 2000-15 гг і параўнаць долі розных асноўных прычын смяротнасці паміж сабой.
У апошнія дзесяцігоддзі кальцаванне птушак мяняе свае асноўныя мэты даследаванняў. З самага пачатку яго асноўнай мэтай было прасачыць трасы міграцыі і выявіць месцы зімоўкі птушак. Аднак з развіццём сучасных тэхналогій стала магчымым для гэтага выкарыстоўвываць вельмі дакладныя прыстасаванні: спадарожнікавыя перадатчыкі і логгеры, геалакатары і іншыя прылады, памеры і кошты якіх увесь час змяншаюцца. Аднак масавае кальцаванне мае іншыя перавагі і дапамагае дасягнуць добрых вынікаў у іншых даследаваннях:
кальцаванне застаецца вельмі танным спосабам індывідуальна пазначаць птушак на працягу ўсяго жыцця ці значнай яго часткі;
кальцаванне з’яўляецца бяспечным для птушак і самі кольцы не павялічваюць іх смяротнасць;
кальцаваннем птушак у Еўропе займаюцца тысячы людзей, а “прачытваюць” кольцы сотні тысяч;
кальцаванне птушак праводзіцца больш за 100 гадоў, прычым з акальцаваных птушак здымаюцца асноўныя прамеры і вызначаецца (па магчымасці) іх пол і узроставая група.
Таму кальцаванне дае выдатную магчымасць атрымаць цікавыя дадзеныя пра папуляцыйныя параметры многіх відаў птушак, асабліва найбольш звычайных – якіх і кальцуюць найбольш масава: пра смяротнасць, сярэдні і максімальны ўзрост і іншае.
Зразумела, што доля прачытаных калец будзе значна адрознівацца ў выпадку птушак, якія разбіліся аб вокны ў параўнанні з тымі, якіх з’елі прыродныя драпежнікі. Але калі мы ведаем памер гэтых доляў для розных прычын смяротнасці, мы можам параўновываць іх уздзеянне і маштаб.
Каманда навукоўцаў з Францыі і Бельгіі прааналізавала дадзеныя пра прачытанне калец у жывых ці мёртвых птушак 38 звычайных відаў (больш 10 000 выпадкаў) на тэрыторыі абодвух гэтых краін у 2000-15 гадах, прычым браліся пад увагу віды, якія сустракаюцца побач з чалавекам – у нашых садах ці ля будынкаў. Для аналізу выкарыстоўвалі дадзеныя з трох праграм:
французская праграма кальцавання і паўторнага адлову птушак на прыдамовых участках;
французская праграма кальцавання і паўторнага адлову звычайных відаў птушак;
усе дадзеныя з Бельгійскага цэнтру кальцавання птушак, якія датычаць вышэйзгаданай групы відаў.
Атрыманыя падобным чынам дадзеныя і ацэнкі наступныя:
У Францыі на прыдамовых участках і ў найбліжэйшым атачэнні будынкаў колькасць забітых катамі дзікіх птушак паміж 2007 і 2015-м гадамі павялічылася больш, чым у два разы - на 102%! Гэта тым больш цікава, што для іншых прычын смяротнасці гэтыя лічбы не змяніліся. Такім чынам, для птушак вакол нас самай галоўнай прычынай іх смяротнасці былі каты, потым – сутыкненні з шыбамі і толькі потым – антрапагенныя лавушкі (у тым ліку браканьерства пад час міграцыі ў краінах Міжземнамор’я).
На ўсёй тэрыторыі Францыі з 2000 да 2015 году смяротнасць дзікіх птушак з-за таго, што людзі выпускаюць сваіх катоў “пагуляць”, павялічылася на 82% і гэтая прычына з’яўляецца другой па сваёй значнасці пасля палявання і браканьерства, а трэцяй ёсць прыродныя драпежнікі.
Для Бельгіі смяротнасць дзікіх птушак з-за вольна гуляючых свойскіх катоў павялічылася за вышэйзгаданыя 15 гадоў на 50%. Самай важнай прычнай смяртнасці дзікіх птушак былі сутыкненні з шыбамі, потым паляванне і браканьерства і на трэцім месцы – свойскія каты.
Падсумоўваючы, смяротнасць, звязаная з дзейнасцю (або бяздзейнасцю ў выпадках выпушчаных катоў) чалавека з’яўляецца галоўнай, таксама ўключаючы знішчэнне птушак паляўнічымі і браканьерамі пад час міграцыі і зімоўкі ў іншых краінах. Маштаб знішчэння птушак браканьерамі пад час іх міграцыі праз Міжземнамор’е можа быць недаацэнены, але ён можа моцна вар’іраваць і змяняецца ў розныя гады. Тады як доля птушак, якіх забіваюць каты, пастаянна павялічваецца – бо пастаянна павялічваецца і колькасць катоў. Для 38 звычайных відаў птушак штогод каты забіваюць у сярэднім 28% ад іх агульнай колькасці.
Зразумела, што для розных звычайных відаў гэтая доля будзе вельмі адрознівацца. Так, у Францыі і Бельгіі амаль ніколі каты не забіваюць сарок, ластавак, пячуравак. Аднак ёсць і тыя віды, для якіх паляванне катоў – галоўная прычына іх смяротнасці. Так, гэта больш 50% для зелянушак і пр. 50% для кольчатых туркавак, 40% для чорных драздоў, чорнагаловых шчыгелаў і вераб’ёў, 35% для малінавак і лясных завірушак – гэта тыя віды, якія часта харчуюцца на зямлі.
Гэтыя дадзеныя падкрэсліваюць неабходнасць правядзення асветніцкіх кампаній для ўладальнікаў катоў аб недапушчальнасці іх самастойнага “выгулу”, які, таксама, часта шкодзіць і самім катам.
Крыніца:
Roman Pavisse, Didier Vangeluwe, Philippe Clergeau 2019 "Domestic Cat Predation on Garden Birds: An Analysis from European Ringing Programmes," Ardea 107(1), 103-109, https://doi.org/10.5253/arde.v107i1.a6
Паводле www.bioone.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак з www.nytimes.com
На гэтую тэму:
Бадзяжныя каты – адна з найбольшых пагроз сусветнай біяразнастайнасці
Каты ў Польшчы забіваюць штогод больш 100 мільёнаў дзікіх птушак
British birds: легальнае паляванне на птушак у Еўразвязе і яго ўздзеянне на пагражаемыя віды
Звычайныя віды птушак у Еўропе перастаюць быць звычайнымі
Вясновае паляванне на птушак застанецца на Мальце легальным?
Пад Трыбунал: на Мальце ізноў незаконна адлаўліваюць уюрковых птушак
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ